Генсакратар НАТА: Народ Беларусі павінен вызначаць будучыню сваёй краіны



Сітуацыя ў Беларусі стала адной з тэм пасяджэння міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) 2 снежня, паведаміў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг на прэс-канферэнцыі, якая транслявалася на сайце арганізацыі.

„І Менск, і Масква павінны паважаць права беларускага народа вызначаць сваю ўласную будучыню — праз інклюзіўны палітычны дыялог”, — коратка адзначыў генеральны сакратар НАТА.

Напярэдадні на прэс-канферэнцыі па выніках папярэдняга пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін альянсу ў Столтэнберга спыталі, ці бачыць НАТА магчымасць расійскага ваеннага ўмяшання ў Беларусі на фоне пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік арганізацыі адказаў, што НАТА „падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Беларусі”. Паводле яго слоў, цяпер у Беларусі разганяюць мірныя дэманстрацыі і праяўляюць непавагу да фундаментальных правоў чалавека.

„Народ Беларусі павінен вызначаць будучыню сваёй краіны. Тут не павінна быць ніякага замежнага ўмяшання. І, зразумела, Расея не павінна ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы і спрабаваць душыць волю беларускага народа”, — заявіў Столтэнберг.

Аляксандр Лукашэнка 2 снежня на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ заявіў, што ў НАТА „ствараецца ваенная групоўка для захопу заходніх беларускіх земляў”. „Скажыце, як на гэта можна рэагаваць?” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Аб прэтэнзіях на беларускую тэрыторыю, якія нібыта маюць за мяжой, ён таксама выказаўся падчас разважанняў аб прыродзе пратэстаў у Беларусі. Так, паводле яго слоў, прычынай „абвастрэння сітуацыі” ў краіне стала „вонкавае ўмяшанне”.

„Справа, цытую, „у гістарычнай прыналежнасці беларускіх земляў Польшчы”. Гэта заяўляецца ўжо ў адкрытым рэжыме. Хіба я як прэзідэнт і беларусы могуць з гэтым пагадзіцца? Аказваецца там, дзе мы сёння жывём, нам не належаць гэтыя землі. Ясна каму. У гэтым кірунку і дзейнічаюць”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by

Фота: nato.int