Генсек АБСЕ: Дэлегаты сэсіі могуць змяніць сваё меркаванне пра Беларусь
Генеральны сакратар Парламенцкай асамблеі АБСЕ Раберта Мантэла мяркуе, што дэлегаты сэсіі ПА, якія ўпершыню наведалі Менск, могуць змяніць сваё меркаванне пра Беларусь. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю праграме „Тыдзень” тэлеканала СТВ, паказаным вечарам 9 ліпеня.
„Маё меркаванне пра Беларусь развівалася на працягу многіх гадоў, — адзначыў палітык. — Я думаю, што для іншых дэлегатаў прыезд у Беларусь будзе павучальным. Яны атрымаюць больш разгорнутую карціну аб тым, што адбываецца ў Беларусі, і, магчыма, зменяць сваё меркаванне”. Таму што, паводле слоў генеральнага сакратара ПА АБСЕ, ацаніць сітуацыю ў краіне на аснове СМІ вельмі складана.
„Я лічу, што трэба выбудоўваць канструктыўны дыялог паміж дзяржавамі і, самае важнае, паказваць павагу да іншых культур. Мы часта робім памылку, калі думаем, што адны маюць рацыю, а іншыя — не. Ёсць шмат арганізацый, якія выкарыстоўваюць двайныя стандарты”, — сказаў Мантэла. Ён не згодны з такім падыходам.