Генсек NATO абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі з прэм’ер-міністрам Партугаліі
Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу (NATO) Енс Столтэнбэрг на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Партугаліі Антоніу Кошта 26 траўня ў Лісабоне сярод іншага абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі, паведамляе прэс-служба NATO.
„Мы абмеркавалі шэраг розных актуальных тэм, уключаючы сітуацыю ў Беларусі, — сказаў Столтэнберг на сумеснай прэс-канферэнцыі паводле вынікаў перамоў. — Я рашуча асуджаю вымушаную пасадку пасажырскага лайнера, які рухаўся з адной сталіцы NATO ў іншую. Гэта роўнае дзяржаўнаму захопу, вялікая колькасць грамадзян краін-саюзнікаў зведвае рызыку”.
„І гэта абуральны наступ мінскага рэжыму на фундаментальныя дэмакратычныя правы і незалежныя СМІ. Я вітаю санкцыі, узгодненыя з Еўрапейскім саюзам. І патрабую неадкладнага вызвалення журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі. Як і ўсіх астатніх палітвязняў, у тым ліку членаў Саюза палякаў. Неабходнае тэрміновае міжнароднае расследаванне гэтага абуральнага інцыдэнту”, — заявіў генеральны сакратар NATO.
Раней сваю пазіцыю адносна інцыдэнту з самалётам Ryanair у Менску і затрымання яго пасажыраў блогера і актывіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі акрэсліла Паўночнаатлантычная рада — асноўны орган прыняцця палітычных рашэнняў NATO.
„Паўночнаатлантычная рада рашуча асуджае прымусовае перанакіраванне ў Мінск рэйса Ryanair Афіны — Вільня 23 траўня, а таксама зняцце з самалёта і арышт вядомага беларускага журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, — гаварылася ў заяве. — Гэтым недапушчальным дзеяннем сур’ёзна парушаныя нормы, якія рэгулююць дзейнасць грамадзянскай авіяцыі, пастаўленае пад пагрозу жыццё пасажыраў і экіпажа”.
Палітычны орган NATO падтрымлівае заклікі ў тэрміновым парадку правесці „незалежнае расследаванне, у тым ліку з боку Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі”. Ён таксама падтрымлівае захады, „зробленыя ў адказ на гэты інцыдэнт саюзнікамі індывідуальна і калектыўна”.
„Затрыманне спадара Пратасевіча абражае прынцыпы палітычнай разнадумасці і свабоды прэсы. Беларусь павінна неадкладна і безумоўна вызваліць спадара Пратасевіча і спадарыню Сапегу. Саюзнікі па NATO заклікаюць Беларусь паважаць асноўныя правы і свабоды чалавека і выконваць міжнародны парадак, заснаваны на правілах. Саюзнікі салідарныя з Латвіяй у святле неабгрунтаванай высылкі латвійскіх дыпламатаў”, — было адзначана ў заяве.
23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за паведамлення пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік ВПС Беларусі МіГ-29.
Пазней паведамленне пра бомбу не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.
Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.