Генсек Рады Еўропы будзе прасіць Пуціна пра памілаванне Сянцова
Намеснік Генеральнага сакратара Рады Еўропы Даніэль Хольтген расказаў, што 25 чэрвеня генсек арганізацыі Турб’ёрн Ягланд звернецца да кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбай пра памілаванне засуджанага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова. Пра гэта паведамляе РИА «Новости» са спасылкай на DW.
Па словах Хольтгена, Ягланд мае на гэта права ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека.
Напомнім, што зняволены ў расейскай калоніі ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне. Пра гэта 22 чэрвеня паведаміў адвакат палітычнага зняволенага Дзмітрый Дынзе. Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў.
Беларускае Радыё Рацыя