Генштаб Украіны: Страты Расеі перавысілі 100 тысяч чалавек



Страты расейскай арміі на вайне ва Украіне перавысілі 100 тысяч чалавек асабістага складу, сцвярджаюць у Генеральным штабе Узброеных сіл Украіны.

На фронце сітуацыя за мінулыя суткі істотна не змянілася.

Украінскія вайскоўцы адбівалі атакі расейцаў у Луганскай і Данецкай абласцях. Спроба Расеі нарасціць войска і правесці рэформу, пра якую казалі на пашыраным пасяджэнні расейскага міністэрства абароны, наўрад ці сур’ёзна паўплывае ў бліжэйшы час на ход вайны, лічаць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны.

„Фармаванне дывізій з’яўляецца дарагім і патрабуе часу”, нагадваюць эксперты Інстытута. На гэта можна было б разлічваць у доўгатэрміновай перспектыве, але пры ўмове, што „Пуцін наважыцца карэнным чынам змяніць размеркаванне стратэгічных рэсурсаў Расеі”.

У Інстытуце таксама мяркуюць, што „расейская ядзерная рыторыка, хутчэй за ўсё, з’яўляецца спробай супакоіць унутраную і запалохаць Заходнюю аўдыторыю, а не паказчыкам падрыхтоўкі да ўжывання ядзернай зброі”.