Германія турбуецца пра тэхстандарты БелАЭС
„Нямецкі бок будзе выступаць за як мага больш высокія тэхнічныя стандарты АЭС у Беларусі”, — заявіла канцлер Германіі Ангела Меркель на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы Саўлюсам Сквернялісам 23 лютага ў Берліне.
„Мы гаварылі пра сітуацыю ў суседніх краінах. Пэўны непакой ў Літвы выклікае будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі, — сказала канцлер. — Няважна, жывеш ты ў непасрэднай блізкасці або далёка — пасля Чарнобыля мы, зразумела, ведаем, што бяспека атамных станцый мае вырашальнае значэнне”.
На пытанне пра магчымасць блакавання будаўніцтва Беларускай АЭС Меркель заявіла: „Наколькі я бачу сітуацыю, трэба звяртаць увагу на гарантыю захавання тэхнікі бяспекі. Мы можам толькі зноў і зноў казаць пра тое, што ёсць міжнародныя інспектары, якія могуць агледзець будоўлю і азнаёміцца з лічбамі. Ядзерная энергія — гэта нешта надзвычайнае, таму пытанне бяспекі мае асаблівае значэнне. Мы будзем ізноў гаварыць з Расеяй аб тым, наколькі гэта для ўсіх нас важна — для Расеі і людзей, якія там жывуць, роўна як і для людзей, якія жывуць ў Еўразвязе. Нават калі ў нас у пэўных выпадках розныя меркаванні, такія пытанні павінны абмяркоўвацца”.
Ядзерная бяспека з’яўляецца для Літвы „пытаннем выжывання, бо непадалёк будуецца небяспечная АЭС”, заявіў прэм’ер-міністр краіны. „Гэта пытанне, якое турбуе не толькі Літву, але і Еўразвяз. У нас ужо ёсць негатыўны вопыт у плане цяжкіх наступстваў працы небяспечных атамных станцый”, — сказаў Скверняліс. Паводле яго слоў, у яго была задача на перамовах з Меркель прадставіць рэальную сітуацыю. Пагрозы, якія ўзніклі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС — гэта праблема не паміж Літвой і Беларуссю; яна выходзіць за межы рэгіёна і павінна вырашацца „на іншым узроўні”, лічыць кіраўнік літоўскага кабінета.