«Гэта драматычнае адступленне ад палітыкі нармалізацыі»
«Гэта драматычнае адступленне ад палітыкі нармалізацыі», — так пра рэпрэсіі ў дачыненні да пратэстуючых супраць дэкрэту аб дармаедах у Беларусі кажа старшыня Сеймавай групы па справах Беларусі, Робэрт Тышкевіч.
Палітык накіраваў маршалкам польскага Сейму і Сенату пісьмы з чаканнямі дзеянняў у справе вызвалення ўсіх рэпрэсаваных. «Гэта найбольш сур’ёзнае вяртанне рэпрэсій ад прэзідэнцкіх выбараў 2010 года», — лічыць палітык:
— Мы спадзяваліся, што пасля вызвалення апошніх палітвязняў і адмены санкцый у дачыненні да Беларусі яна захавае курс на вяртанне да дэмакратычных стандартаў і дыялог з Еўропай, з Польшчай. На жаль, выходзіць, што гэта была толькі часовая палітычная змена. Адначасова мы маем дачыненне з несустраканай дагэтуль хваляй сацыяльных пратэстаў у Беларусі. Можна сказаць, што Беларусь абуджаецца і змяняецца.
Па ініцыятыве Робэрта Тышкевіча на бліжэйшы чацвер запланаванае выступленне беларускіх апазіцыйных палітыкаў у польскім Сейме. Некаторым з іх былі накіраваныя запрашэнні, але нядаўна яны трапілі ў турму. «Будзем дамагацца вызваліць Анатоля Лябедзьку, Юрыя Губарэвіча, Віталя Рымашэўскага, ды іншых апазіцыянераў. Важна каб у грамадская думка ў Польшчы ведала пра падзеі ў Беларусі», — лічыць дэпутат:
— Так, каб усе ўдзельнікі палітычнай сцэны ў Польшчы маглі з першых вуснаў пачуць меркаванне пра тое, у якім становішчы знаходзіцца грамадзянскай супольнасць у Беларусі. А таксама, каб пачуць чаго ад нас у дадзенай сітуацыі чакаюць. Вызвалення ўсіх арыштаваных у Беларусі мы таксама будзем патрабаваць ад Урада.
«Мы чакаем ад цяперашняга ўрада таксама і таго, каб ён выкарыстаў узаемасувязі, якія будаваў з Менскам, да выступлення ў абароне зняволеных», — кажа Робэрт Тышкевіч. Паводле яго, Парламентарная група па справах Беларусі будзе таксама дамагацца ўзмацнення свабодных СМІ, якія вяшчаюць на тэрыторыі Беларусі, падтрымкі беларускіх грамадзянскіх і незалежніцкіх асяроддзяў, ды вяртання Праграмы Каліноўскага для студэнтаў.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя