Гэта не выбары, а спецаперацыя



Першы дзень датэрміновага галасавання паказаў, што гэта не выбары, а спецаперацыя. Да такой высновы прыйшлі незалежныя назіральнікі ў Берасці Аляксандр Сахарук і Уладзімір Вялічкін. Іх выдалілі з выбарчых участкаў, хоць  яны прыйшлі першымі. Прычына – застаюцца толькі трое, у Сахарука – хто першы зойме адно з трох крэслаў, у Вялічкіна – не яго чарга. Стаяць у калідорах не дазволілі – рэжымныя аб’екты. А гэта – сярэдняя школа №14 і клуб Белпошты.

Кажа Аляксандр Сахарук, назіральнік на выбарчым участку №78:

– Сакратар камісіі Галаўко Ала давяла да нас, што ЦВК дазволіла не больш за тры назіральнікі. Было тры крэслы, тры жанчыны, думаю, што гэта настаўнікі, адразу ўпалі на гэтыя крэслы. Ужо зразумела, што гэта не выбары, а спецаперацыя.

Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін:

– Калі я прыйшоў у першы дзень галасавання, то я змог прысутнічаць толькі на апячатванні скрыні. Пастанова, якая абмяжоўвае колькасць назіральнікаў на ўчастку, яна абмяжоўвае і мае канстытуцыйныя правы.

Паводле Вялічкіна, абмежаванне яго дзвюма гадзінамі назірання ў дзень не дае магчымасці зрабіць выснову, што выбары прайшлі без фальсіфікацыяў. Выдаленне незалежных назіральнікаў адбылося на шматлікіх участках горада. Зараз назіральнікі рыхтуюць скаргі. Але, па вопыту мінулых гадоў, гэта безвынікова.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя