Варшава прызнае парламент Беларусі?
Польскія палітыкі выдатна разумеюць ролю палатаў нацыянальнага сходу і асаблівасці рэжыму ў Беларусі, адзначыў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады разам з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных сілаў прымаў удзел у сустрэчы з дэлегацыяй польскіх парламентароў на чале з віцэ-спікерам Рышардам Тэрлецкім, якія з трохдзённым візітам знаходзяцца ў Беларусі.
Па словах Станіслава Шушкевіча, польскія палітыкі запэўнівалі, што не маюць ілюзіяў наконт дэмакратызацыі уладаў Беларусі і вымушаныя ўтрымліваць кантакты з тымі, хто рэальна кіруе Беларуссю.
Кажа Станіслаў Шушкевіч:
– Паўстае пытанне: трэба ўзаемадзейнічаць ці трэба стаць у позу і сказаць, што пакуль у вас не будзе парадку і дэмакратычных захадаў, мы з вамі супрацы мець не будзем. Які з гэтых варыянтаў лепшы? Мне здаецца, можна шукаць падыходы да супрацы, якія яны шукаюць, менавіта ў галіне адукацыі, культуры, турыстыкі. Я думаю, такія падыходы ёсць. Не ўсё тут складваецца лоўка. Але шукаць трэба. І гэтае пытанне мы абмяркоўвалі.
У сустрэчы польскіх парламентароў з дэмакратычнымі сіламі прымалі ўдзел Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Юрась Губарэвіч, Павел Севярынец ды шэраг іншых палітыкаў.
* * *
Дэлегацыя польскага Сейму на чале з віцэ-маршалкам Рышардам Тэрлецкім сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных партый і арганізацый. На сустрэчы было дэкларавана, што польскі бок не будзе адмаўляцца ад падтрымкі адукацыйных праграм і незалежных медыя, якія дзейнічаюць з падтрымкай Польшчы, гаворыць удзельнік сустрэчы сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:
– Разам з тым сённяшняя польская ўлада гатовая да больш шырокага дыялогу з рэжымам. Мы не маем ілюзій адносна вынікаў гэтага дыялогу, пра што шчыра і сказалі нашым гасцям. Мы ведаем, што ўсе стасункі з Захадам рэжым рана ці позна прадае Маскве. Тым не менш, польская дыпламатыя вольная ў сваіх дзеяннях. І, безумоўна, гэта права Польшчы вырашаць як паводзіць сябе ў той ці іншы перыяд. Мы можам толькі спадзявацца і рабіць усё, што толькі магчыма тут у нас у Беларусі.
Паводле словаў Паўла Севярынца, сустрэча насіла характар шчырай размовы. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл выказалі пажаданне, каб польска-беларускія стасункі не замыкаліся толькі на гандлёвых пытаннях, а цягнулі за сабой пашырэнне і ўмацаванне грамадскіх кантактаў паміж нашымі краінамі.
* * *
Дэпутаты польскага Сейма наведваюць Беларусь. Цягам трох дзён група дэпутатаў на чале з віцэ-маршалкам Рышардам Тэрлецкім знаходзіцца ў Беларусі, дзе ўжо прайшла сустрэча з кіраўнікамі палатаў непрызнаванага беларускага парламента, намесніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной.
Фота: mfa.gov.by
У апошні дзень візіту, 4 жніўня, польскія парламентарыі сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці.
У Беларусі працягваецца візіт польскай парламенцкай дэлегацыі на чале з віцэ-спікерам Сейма Рышардам Тэрлецкім. У праграме сённяшняга візіту перамовы з намесніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, сустрэча з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам ды ўшанаванне памяці ахвяр сталінізму ў Курапатах.
Беларускія дзяржаўныя СМІ перадусім робяць акцэнт на сустрэчы польскіх парламентароў з кіраўнікамі палатаў непрызнаванага міжнароднай супольнасцю дэмакратычным Нацыянальнага сходу, якая адбылася напярэдадні.
Беларускі палітычны эксперт Павал Усаў адзначае, што візіт шкодзіць перадусім ідэі дэмакратычных пераменаў у Беларусі:
– Як мы ведаем, прадстаўнікі польскага парламента прадстаўляюць колішнюю апазіцыю, якая змагалася з камуністычным рэжымам у Польшчы. Тое, што зараз яны шукаюць усе магчымыя і немагчымыя шляхі, каб паказаць нейкую самастойнасць у правядзенні знешняй палітыкі, гатовыя пакласці ў ахвяру нейкім фіктыўным ілюзіям у сваёй велічы ў знешняй палітыцы, пакласці менавіта ў ахвяру дэмакратычныя каштоўнасці і каштоўнасці звязаныя з правамі чалавека.
Заўтра ў апошні дзень візіту польскія парламентары маюць намер сустрэцца з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі, ды накіруюцца на Берасцейшчыну, дзе сустрэнуцца з прадстаўнікамі польскай меншасці рэгіёна.
“Візіт польскіх парламентароў у Беларусь – працяг агульнай тэндэнцыі на нармалізацыю дачыненняў Захаду з афіцыйным Менскам”, – такое меркаванне ў эфіры нашага радыё выказаў палітычны эксперт Валер Карбалевіч.
Увесну еўрапейскія палітыкі адзначалі, што далейшае паляпшэнне стасункаў з афіцыйным Менскам залежыць ад вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пазіцыя, хутчэй за ўсё, змянілася, як адзначае Валер Карбалевіч:
– Мусіць, еўрапейскія і польскія палітыкі добра разумеюць, што выбары не прывядуць да нейкіх сур’ёзных пераменаў. Таму, хоць на афіцыйным узроўні яны і кажуць, што многае залежыць ад выбараў, насамрэч яны не моцна спадзяюцца на іх. І гэты візіт польскай дэлегацыі сведчыць якраз пра гэта.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў маюць прайсці 11 верасня. З 1996 года ніводзін склад Нацыянальнага сходу Беларусі міжнародная супольнасць не прызнавала абраным дэмакратычна. Прамежкавыя вынікі назірання за выбарчым працэсам, якія вядуць беларускія праваабаронцы, паказваюць, што сёлетняя электаральная кампанія па выбарах у Палату прадстаўнікоў не адрозніваецца ад пяпярэдніх.
* * *
Новы польскі ўрад паслядоўна спрабуе нармалізаваць беларуска-польскія дачыненні, і візіт парламентароў працягвае цэлы шэраг кантактаў між Варшавай і Менскам, як адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Фактычна візітам такога ўзроўню і сустрэчамі з кіраўнікамі непрызнаванага парламента Польшча пайшла на ўскосную легітымізацыю Нацыянальнага Сходу, які ніхто не прызнаваў на міжнароднай арэне ад часу разгону Вярхоўнага Савета і змены беларускай Канстытуцыі ў 1996 годзе.
Адзначае Раман Якаўлеўскі:
– Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем, што гэта жаданне чарговы раз наступіць на граблі. Тут трэба ўзгадаць словы намесніка міністра замежных спраў Беларусі спадара Рыбакова, цытую яго: “Гэта не мы змяняемся – гэта Захад (ну, а Польшча, відавочна, уходзіць у гэты панятак – “Захад”) змяняецца”.
Дачыненні Менска і Варшавы маюць напружаны характар. Значнае пагаршэнне наступіла ў 2005 годзе пасля канфлікту вакол Саюза палякаў у Беларусі. З 2010 года Менск блакуе ўвядзенне малога памежнага руху з Польшчай. Неаднаразова беларускія дыпламаты прапаноўвалі вырашэнне гэтых праблемаў узамен за адмову Варшавы ад падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці і незалежных СМІ.
* * *
Польскі эксперт па ўсходняй палітыцы, гісторык і публіцыст Ежы Таргальскі адзначыў нашаму радыё, што чарговы раз польскія ўлады спадзяюцца на тое, што ўдасца адарваць Лукашэнку ад Расеі, а гэта памылковае ўяўленне:
– Лукашэнка не зменіць спосабу свайго кіравання. Ён – дыктатар і дыктатарам застанецца. Тое, што надышоў чарговы этап нейкіх жэстаў, нічога не значыць. Бо Лукашэнка такія жэсты ў перарынках між саджаннем людзей у турму заўсёды робіць. Магчыма, польская дэлегацыя спадзяецца палепшыць сітуацыю польскай нацменшасці ў Беларусі. Але маю сумненні, што да гэтых зменаў дойдзе. Польская нацменшасць у Беларусі – гэта закладнік Лукашэнкі. Таму выпадае шантажаваць гэтай сітуацыяй.
У сваю чаргу прафесар Ежы Таргальскі не выключыў, што ахвярамі спробаў палепшыць дачыненні афіцыйнага Менска і Варшавы стануць медыяльныя праекты, якія падтрымлівае польскі ўрад.
Эксперт адзначае, што беларускія незалежныя СМІ, якія вяшчаюць з Польшчы, хутчэй за ўсё не зачыняць, але маргіналізуюць іх уплыў.
Публіцыст польскага парталу reporters.pl Марэк Буцька адзначае, што падобныя частыя візіты еўрапейскіх і польскіх палітыкаў у Беларусь адбываюцца на фоне нязменнай унутранай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі:
– Той жа Лукашэнка выпусціў некалькі асобаў з турмаў, але іншыя вязні надалей сядзяць у турмах. Працягваюцца рэпрэсіі, якія палягаюць на звальненні людзей з працы ў Менску, у рэгіёнах, а таксама на штрафах. Апазіцыя практычна не была дапушчана ў выбарчыя камісіі ў сёлетніх парламенцкіх выбарах. Якія змены? Няма змен, бо рэпрэсіўная сістэма была і засталася. Еўропа змянілася і змянілася ў горшы бок. Шмат гаворачы пра правы чалавека і дэмакратычныя свабоды, адначасова спадары дэпутаты туды едуць і робяць выгляд, што сустракаюцца з паўнапраўным парламентам – з рэжымным беларускім парламентам.
Польскія парламентарыі сустрэнуцца ў Менску не толькі з афіцыйнымі ўладамі, але і з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі.
“Я заўсёды выступаў за паслядоўны дыялог з афіцыйным Менскам, але дыялог можа быць розны,” – адзначае лідар Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч:
– Трэба, каб дыялог абавязкова быў крытычны і абумоўлены. Тое, што візіт адбываецца напярэдадні выбараў, – гэта пэўны аванс уладзе. Вельмі важна, каб у час гэтага візіту яшчэ раз было падкрэслена, што Польшча не будзе праводзіць чыстую геапалітыку, а будзе займацца эканамічнай, палітычнай і культурнай супрацай.
Сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец выказаў здзіўленне даведаўшыся пра сустрэчу польскіх парламентарыяў з кіраўнікамі непрызнаваных міжнароднай супольнасцю палат парламента:
– Польшча – краіна самастойная, яна вольная выбіраць, з кім ёй сябраваць. Але нашае перакананне, што партнёры дэмакратычнай Польшчы – гэта людзі, якія выступаюць за дэмакратыю ў Беларусі, а не тыя, хто гэтую дэмакратыю топча. Думаю, што ў нас будзе магчымасць сказаць пра гэта асабіста высокім гасцям на сустрэчы.
Польская парламенцкая дэлегацыя на чале з віцэ-маршалкам Сейма ўпершыню наведвае Менск з афіцыйным візітам пасля рэферэндуму 1996 года.
20 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка змяніў Канстытуцыю Беларусі, паводле якой значна пашырыў свае паўнамоцтвы за кошт парламенцкай галіны ўлады. Тады ж фактычна быў разагнаны апазіцыйны кіраўніку Беларусі Вярхоўны Савет 13 склікання. Вынікі рэферэндуму і далейшыя выбары ў Палату прадстаўнікоў не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя