„Go home” расейскім тэлеканалам!
Напярэдадні праваслаўных Калядаў “тэлетвар” Беларусі 80-90-х, народная артыстка ды нязменная кіраўніца дыктарскай групы, чароўная Зінаіда Бандарэнка выступіла з прапановай да беларускіх уладаў закрыць найбольш “агрэсіўна-хлуслівыя ды распальваючыя міжнацыянальную варожасць” расейскія тэлеканалы ды праграмы. На фоне навагодніх шоу з феерверкамі ды, між іншым, запрашэннем заходніх “зорак” асабліва недарэчнымі падаюцца там назолеўшыя мінулагоднія прапагандысцкія клішэ пра “бандэраўцаў з фашыстамі” ва Украіне ды пагрозай НАТА з Прыбалтыкі. У час сустрэчы ў кафэ на праспекце Пераможцаў яе падтрымалі рэжысёр папулярнейшай у 90-х маладзёвай тэлепраграмы “Крок”, дарэчы, забароненай пры Лукашэнку, як “Крок-2” – Уладзімір Міхарскі. А таксама палітык, паэт, першы дэмакратычна абраны мэр Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў. Суразмоўцы не хавалі эмоцый.
Распачала “прыма” Зінаіда Бандарэнка: Расейскія навіны, грамадска-палітычныя праграмы настолькі агрэсіўныя, што натраўліваюць людзей адно на аднаго, распальваюць міжнацыяныльныя адносіны! Таму мая прапанова – “пачысціць” усе расейскія каналы, як гэта зрабіла Украіна, як вымушаны былі ў свае часы зрабіць краіны Балтыі. Тым больш нашы беларускія тэлеканалы, як мясная салянка з расейскім начыннем. Але адлегласць ад сусветнага інфармацыйнага поля вымушае нашага масавага гледача “ўсмоктаваць” інфармацыйную расейшчыну, што рэтранслюе Беларусь. Між іншым, дзяржаўныя тэлепраграмы таксама не блішчаць талерантнасцю, але ж не да такой ступені! Канешне, іншая рэч з тымі, хто мае “талеркі”. Напрыклад, наша сям’я нароўні з украінскімі тэлеканаламі глядзіць “EURONEWS” ды расейскі “Ар-Ті-Ві-Ай”.
Фелікс Шкірманкоў: Тое, што вырабляюць зараз на расейскіх тэлеканалах – злачынства. Адны толькі заявы кіраўніка такой магутнай ядзернай дзяржавы пра тое, што межы Расеі заканчваюцца там, дзе “гучыць расейская мова” – як той казаў, не дазваюць нават паціснуць яму руку! Якое найбліжэйшае ратаванне? Як ні парадаксальна прагучыць, але найважнейшы гарант супраць расейскага інфазамбавання сёння – Аляксандр Лукашэнка. Чаму так кажу? Узяць з лёту ўладу, што пад нагамі, могуць многія. Але ўтрымаць, падпарадкаваць сваім мэтам – адзінкі. Ён, паводле Фрэйда, “геніяльны злачынец”, “трохкутны чалавек”. Маўляў, “геній” на вяршыні, усе ж, хто супярэчаць яго думкам, – кроўныя ворагі. Самых небяспечных забівае, іншых за краты саджае. Але пагроза з Расеі і для яго. Бо не будзе нашай Незалежнасці – не будзе яго “вяршынства” як прэзідэнта.
Уладзімір Міхарскі: Як чалавек, што 40 год прапрацаваў на БТ, мушу зазначыць, што такога ўзроўню ды масіраванасці хлусні, што ідзе з расейскага боку, не было з часоў афганскай вайны. Пры чым з боку Кісялёва, Салаўёва ды “кумпаніі” не толькі хлусня – абраза! Як можна “фашыстамі” называць народ, што яшчэ ўчора яны ж (!) называлі “братамі”?!
Зінаіда Бандарэнка: Узгадваю “кісялёўскі” фрагмент – “нам нічога не каштуе запусціць адну ракету і ад Злучаных Штатаў нічога не застанецца”!
РР: Але чалавеку, што падае такіх “выступоўцаў”, трэба звяртацца не да гледачоў, а да доктара?
Зінаіда Бандарэнка: Журналістыка хоць гуманітарная, але і “самая старадаўняя” прафесія для некаторых. Вельмі складаная сітуацыя ў нас, бо мы пакуль чакаем. Як выжыць, з чыей дапамогай у складанейшай эканамічнай сітуацыі, да якой давялі краіну самі. Увогуле, пры “гаротніку” Лукашэнку пабудаваная “краіна Беларусь” – для багатых людзей. Прайдзіся па так званым праспеце Пераможцаў – блішчаць шклом ды алюмініем хмарачосы, чысціня ды камфорт. Дарэчы, імёнамі якіх “пераможцаў” ён названы? Мо герояў Другой сусветнай ці чэмпіёнаў Алімпіядаў? Дзякуй богу, хапіла сціпласці не назваць “Пераможца”! Але хай бы з адміністрацыі пахадзілі па “спальных” раёнах ля аўтазавода, паглядзелі на тамтэйшыя сцежкі-дарожкі і як простыя людзі пакутуюць! Але і ўсім нам, апазіцыі трэба ісці з праўдай, пра якую гаворым, у народ!
Усе разам пагадзіліся з тым, што пагроза расейскага тэлезамбавання ўзрастае найбольш з таго, што і сёлета ізноў на БТ не будзе ні “Б”, ні “Т” – чытай, ані беларускасці, ані тэлевізійнасці.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара