Год пасля выбараў



Беларусь адзначае гадавіну выбараў і пачатку масавых пратэстаў. 

Адно з самых відавочных наступстваў выбараў 2020 года – знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, – сказаў у эфіры нашага радыё першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў:

– Тыя інстытуцыі, якія маглі мець сваё меркаванне, усе выразаныя пад нуль. Адбылася “зачыстка”. Шмат людзей выехала за мяжу. Натуральна, каб аднавіць дэмакратычныя інстытуцыі спатрэбіцца значна больш часу, чым адзін год. Усё адновіцца, пытанне проста – калі. Вельмі не хацелася б, каб гэтая сітуацыя зацягвалася на доўгі перыяд. Гэта можа зацягнуцца і на 10, і на 15 гадоў – менавіта выхад на нармальныя, чалавечыя, дэмакратычныя каштоўнасці ў самога грамадства.

РР: На ваш погляд, чаму адбыўся такі выбух незадаволенасці Лукашэнкам? Яшчэ года паўтара таму здавалася, што ён вельмі трывала трымае ўладу, абапіраючыся менавіта на падтрымку насельніцтва, не толькі на сваю вертыкаль. І тут раптам такі зрух у грамадстве. Чаму?

Аляксей Сігаеў: Лукашэнка на той момант 26 год быў пры ўладзе. Людзі, па-першае, проста стаміліся. Па-другое, яму ў апаненты кандыдатамі ў прэзідэнты пайшлі людзі, якія паказвалі нейкую гісторыю поспеху. Якія змаглі зрабіць нешта досыць вялікае за свой працоўны перыяд. Я кажу зараз пра Бабарыку і Цапкалу. Мінулы год паказаў, што з Лукашэнкам застаўся, як яго называюць, “ядзерны электарат”, які так ці інакш будзе галасаваць за дзеючую ўладу – гэта 25-30 %. А астатнія людзі ад Лукашэнкі адвярнуліся.

РР: На сённяшні момант, як вы ацэньваеце сітуацыю ў грамадстве? Ці можа сітуацыя ў краіне прывесці да рэвалюцыі №2?

Аляксей Сігаеў: Любыя рэвалюцыйныя зрухі ў Беларусі могуць узнікнуць толькі падчас іншай электаральнай кампаніі, альбо, калі людзям, як кажуць, не будзе чаго есці. Людзі засталіся ўсё роўна прыхільнікамі пераменаў, але наш сілавы блок здолеў паказаць сваю моц і “хто ў доме гаспадар”. Па сутнасці пратэстныя праявы былі задушаныя.

РР: Але пратэстоўцы не супраціўляліся.

Аляксей Сігаеў: Калі казаць пра сілавы варыянт, то не супраціўляліся таму, што не гатовыя былі да гэтага. І гэта правільна. Бо сілавы супраціў можа прывесці да грамадзянскай вайны. І Лукашэнка сказаў, што не пабаяўся б, стаў бы страляць, што не проста так выйшаў з аўтаматам. У людзей, якія жадалі перамен, – у іх толькі жыцці. А ў сілавікоў – зброя. Супраць зброі з голымі рукамі не пойдзеш. Таму я лічу, што правільна, што грамадзяне Беларусі не давялі краіну да грамадзянскай вайны.

Цалкам размова ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pvby.org