Год таму пачалася так званая „справа БелТА”



Год таму ў некалькіх рэдакцыях і на кватэрах журналістаў  былі праведзеныя вобшукі, 15 журналістаў  былі затрыманыя на тэрмін да 3 сутак. Асноўны ціск быў накіраваны на недзяржаўную інфармацыйную кампанію БелаПАН і інфармацыйна-аналітычны партал ТУТ.БАЙ.

Усё гэта адбывалася ў межах крымінальнай справы аб несанкцыянаваным доступе да стужкі навінаў дзяржаўнага інфармацыйнга агенцтва БелТА.

Па словах галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай, якая была затрымана амаль на 2 сутак і ў якой дома адбыўся ператрус, яна і зараз не разумее, навошта ўладам была гэтая справа, якая сапсавала ў свеце іх і так не вельмі добры імідж:

– Мне падаецца, што гэта было імпульсіўнае рашэнне, зусім непрадуманае. Людзі не змаглі пралічыць наступстваў гэтага рашэння. Прычым наступстваў менавіта на дзяржаўным роўні. І я ўсё ж такі думаю, што яны разлічвалі на нейкую іншую рэакцыю з боку журналістаў. І яны не чакалі салідарнасці ў грамадстве.

У выніку крымінальная справа адносна 14 яе фігурантаў была перакваліфікавана ў адміністрацыйную. Усё скончылася штрафамі і кампенсацыяй стратаў для БелТА. Толькі справа галоўнага рэдактара ТУТ.БАЙ Марыны Золатавай была перадазена ў суд. Золатаву прызналі вінаватай у бяздзеянні службовай асобы і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота БелаПАН