Гомельская апазіцыя не верыць у змены выбарчага працэсу



Гомельскія апазіцыйныя актывісты ня вераць абяцанням Аляксандра Лукашэнкі адносна дэмакратычнасці будучых парламенцкіх выбараў. Скептычнае стаўленне сябраў дэмакратычных партый і аб’яднанняў абумоўленае іх удзелам у папярэдніх выбарчых кампаніях. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок распавядае, што яго не дапускаюць да ўдзелу ў працы выбарчых камісій з 2001 года:

— Усе 15 гадоў маю кандыдатуру Аб′яднаная Грамадзянская партыя вылучае ў сябры розных участковых камісіяў і ніколі за гэты час наш райвыканкам мяне ў склад не ўключыў, хоць здаецца што мог бы сапсаваць ім адзін чалавек у адной участковай камісіі.   

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту па Гомельшчыне Віктар Адзіночанка заўважае, што сёлета выбары ў парламент будуць праходзіць у вельмі складаных для ўладаў умовах:

— Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі эканамічнага крызісу і  незадаволенасць насельніцтва вельмі моцная і відавочная. Правесці гэтыя парламенцкія выбары для ўлады вельмі цяжка. Хутчэй за ўсё, паводле мяне, кандыдатаў ад уладаў проста не будуць падтрымліваць менавіта за тое, што яны ад уладаў. 

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11-га верасня. Пакуль што апазіцыйныя сілы не здолелі дамовіцца адносна адзінай пазіцыі ў справе ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель