Гомельскі абласны суд адмовіўся задаволіць скаргу Ціханоўскага



12 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі зняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага, якую ён падаў яшчэ ў маі.

Ён абскардзіў рашэнне суда Савецкага раёна, які пакараў яго 15-сутачным арыштам нібыта за несанкцыянаваны мітынг. Так міліцыя і суд ацанілі сустрэчы блогера са сваімі падпісчыкамі ў Мёрах і Салігорску.

На дадзены момант Ціханоўскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА-1 як абвінавачваны па крымінальнай справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Сённяшні разгляд скаргі праходзіў па відэасувязі з СІЗА. Але прысутныя ў зале, у тым ліку маці блогера Соф’я Яфрэмаўна, не змаглі ўбачыць Ціханоўскага – манітор быў павернуты толькі да суддзі. На просьбы перавярнуць манітор да залы суддзя Васіль Бягун адрэагаваў: «Хтосьці яго не бачыць? Хай выйдзе з залы!»

Ціханоўскі растлумачыў, што не прызнае рашэнне раённага суда законным, бо ён не праводзіў мітынг, а браў інтэрвʼю, прычым па адным чалавеку, у жыхароў Мёраў і Салігорска. «Не было выкрыкаў, плакатаў, транспарантаў, я проста размаўляў з людзьмі – які гэта мітынг? Я рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на свабоду сходаў, выказвання меркавання. Гэта было інтэрвʼю, але ніяк не мітынг», – выказаўся блогер.

Ён дадаў, што «дыктатар Лукашэнка захапіў усе галіны ўлады ў Беларусі», і дадаў, што і зараз сядзіць у СІЗА па сфабрыкаванай справе, «яшчэ і Лідзія Ярмошына паскардзілася, што я ёй пагражаў».

Яго адвакат Алег Юрчанка дадаў, што мітынгу не было, «было інтэрвʼю, якое мой падабаронны браў у людзей». «Калі дзесьці ёсць людзі, гэта не значыць, што гэта мітынг, людзі ў населеным пункце павінны быць! Ціханоўскі ўзяў на сябе адказнасць за інтэрвʼюіраванне людзей, артыкул 33 Канстытуцыі дазваляе яму гэта рабіць, ён не павінен быў браць дазвол у выканкаме на мітынг, бо гэта мітынгам не зʼяўлялася», – пракаментаваў адвакат.

Суддзя пакінуў у сіле рашэнне суда Савецкага раёна, патлумачыўшы, што ў гарадах збіраліся больш за 10 чалавек, «значыць, гэта мітынг». Яго рашэнне прысутныя сустрэлі крыкамі «Ганьба!».

БелаПАН