Гомельскія дэмакраты будуць агітаваць супраць Аляксандра Лукашэнкі



Ініцыятары сустрэчаў з выбарцамі — Уладзімір Кацора і Уладзімір Сякерка — атрымалі дазвол на правядзенне двух мерапрыемстваў у Чыгуначным раёне Гомеля. Падчас гэтых сходаў будзе весціся агітацыя супраць дзейснага кіраўніка дзяржавы, а таксама абмяркоўвацца праграмы іншых кандыдатаў у прэзідэнты. Уладзімір Кацора тлумачыць неабходнасць такіх сустрэчаў адсутнасцю нармальных умоваў для выбараў.

— Мы таму і праводзім гэтае мерапрыемства, каб па-першае, паглядзець на рэакцыю ўладаў, якія кажуць, што зараз выбары будуць адкрытыя і «чэсныя», а па-другое, мы хацелі б убачыць, а як жыхары, выбаршчыкі, на гэта адрэагуюць, ці прыйдуць яны, якія будуць пытанні. Тыя этапы выбарчай кампаніі, якія ўжо прайшлі, паказваюць, што ў людзей апатыя, у актывістаў — апатыя. Але ж трэба нешта рабіць.   

Агітацыя супраць Аляксандра Лукашэнкі ў Гомелі пройдзе ў памяшканнях, якія спецыяльна выдзеліў выбаркам для правядзення сходаў выбарцаў. Мерапрыемствы адбудуцца 7 кастрычніка ў актавых залях школы нумар 57 і Палацы культуры «Гомсельмаш».

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель