Гомельскія ідэолагі не бачаць пагрозы з боку Расеі
У аддзеле ідэалогіі Гомельскага аблвыканкама не бачаць пагрозаў тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Мясцовыя ўлады адхілілі прапанову дэмакратычных актывістаў аб правядзенні супольнага мітынгу ў падтрымку незалежнасці.
Адзін з ініцыятараў звароту Уладзімір Кацора тлумачыць неабходнасць такой акцыі прапагандысцкай хваляй у расейскіх СМІ, якія ставяць пад сумнеў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі:
– Ідэалагічная служба аблвыканкама на нашу прапанову з Васілём Паляковым, каб правесці сумеснае мерапрыемства па заявах тых палітычных сілаў і палітычных лідараў Расеі, якія кажуць, што ўсходнія вобласці Беларусі ніколі не былі беларускімі і павінны быць у складзе Расеі. Мы атрымалі адказ з ідэалагічнага аддзела аблвыканкама, дзе сказана, што яны не бачаць падстаў, каб такія пагрозы расцэньваць, бо іх няма. Калі вы нязгодныя, то вы можаце абскардзіць гэта ў судзе.
Уладзімір Кацора не выключае, што прадстаўнікі гомельскіх дэмакратычных сіл у адпаведнасці з заканадаўствам складуць заяўку на правядзенне пікету ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель