Грамадзян заклікаюць працягнуць „народны каранцін” да канца траўня
Група апазіцыйных палітыкаў заклікала працягнуць „народны каранцін” да канца траўня ў сувязі з пандэміяй каранавіруса.
На іх думку, у паскарэнні распаўсюджвання COVID-19 вінаватыя Аляксандр Лукашэнка і „паслухмяныя яму чыноўнікі”. Калі б не спланаваныя дзеянні рэжыму, шмат каго ўдалося б выратаваць. Тое, што адбываецца, яны назвалі злачынствам, якое пасля будзе расследавана.
Пад зваротам падпісаліся паэт Уладзімір Някляеў, каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Мікалай Статкевіч, а таксама кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.
„Народны каранцін павінен доўжыцца да таго часу, пакуль мы не адолеем успышку каранавіруса. Згодна з прагнозамі, частковае аслабленне эпідэміі ў Беларусі магчымае ў чэрвені, калі мы працягнем прымаць адэкватныя меры”, — лічаць аўтары заявы.
Яны заклікалі суграмадзян захоўваць каранцін да канца мая, прытрымліваючыся рэкамендацый місіі СААЗ і парадаў прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
„Каранцін быў абвешчаны, каб выратаваць жыцці людзей, сказаць ім пра небяспеку і пра тое, як сябе ратаваць, арганізаваць націск на ўлады, каб стварыць умовы для таго, каб людзі маглі заставацца дома”, — пракаментаваў БелаПАН зварот Мікалай Статкевіч.
Паводле яго слоў, аўтары бачаць пэўны поспех кампаніі на вуліцах Мінска, у грамадскім транспарце, дзе стала значна менш людзей, у школах, якія наведвае невялікая колькасць навучэнцаў.
„Калі ў краіне няма сумленных выбараў, вельмі лёгка забраць і права на жыццё, перш за ўсё ва ўразлівых груп, якія давяраюць уладам”, — заявіў Статкевіч.
„Працяг народнага каранціну неабходны, бо нават паводле афіцыйных, моцна заніжаных, звестках мы на ўздыме пандэміі. Да гэтага прывяла палітыка Лукашэнкі. Пазіцыю СААЗ мы таксама бачым: патрабаванне адмены масавых мерапрыемстваў, дыстанцыйнае навучанне, спыненне неабавязковых вытворчасцяў. Бацькі, якія не аддаюць дзяцей у школу, або мінчане, якіх стала ў 2,5 разу менш у метро (скарачэнне пасажырапатоку з 1 млн да 400 тыс. у дзень), фактычна ратуюць медыкаў”, — адзначыў Павел Севярынец.
Паводле яго слоў, арганізатары каранціну чакаюць ад беларусаў адказнасці, салідарнасці і грамадскага непадпарадкавання злачынным загадам: няўдзелу ў спартакіядах, парадах, суботніках. „Разам пераможам і пандэмію, і дыктатуру”, — заявіў Севярынец.
Першапачаткова прадстаўнікі апазіцыі заклікалі грамадзян да „народнага каранціну” з 23 сакавіка па 5 красавіка, затым — да канца красавіка.
belapan.by