“Грамадзянская платформа” вылучыла Рафала Тшаскоўскага новым кандыдатам у прэзідэнты
Найбуйнейшая польская апазіцыйная партыя, права-цэнтрыская “Грамадзянская платформа” вылучыла мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага новым кандыдатам у прэзідэнты.
Раней пра сваю адмову балатавацца на пасаду кіраўніка краіны заявіла Малгажата Кідава-Блоньска. Для ўдзелу ў выбарах новы кандыдат ад “Грамадзянскай кааліцыі”, якая абʼядноўвае “Грамадзянскую платформу” і некалькі меншых апазіцыйных партый, павінен будзе сабраць 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку.
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы мелі адбыцца 10 траўня, але яны не адбыліся з прычыны, як сфармулявала Дзяржаўная выбарчая камісія, “немагчымасці галасавання”. Дата новых выбараў яшчэ не прызначана. Пакуль неафіцыйна называецца 28 чэрвеня. Паводле рэйтынгаў, лідарства ў выбарчай гонцы трымае дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда. Аднак цалкам магчыма, што адбудзецца другі тур выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота wiadomosci.wp.pl