„Грамадзянская супольнасць знішчаецца ў самым сэрцы Еўропы”



„Грамадзянская супольнасць знішчаецца ў самым сэрцы Еўропы”, — заявіла дырэктар праваабарончай арганізацыі Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс, рэагуючы на чарговую атаку ўладаў Беларусі на „трэці сектар”.

„На працягу апошніх 12 месяцаў правы чалавека зведвалі бязлітасную атаку з боку ўрада Аляксандра Лукашэнкі. На працягу гэтага часу мы заклікалі міжнародную супольнасць адрэагаваць на паведамленні аб катаваннях, гвалце з боку паліцыі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў і паўсюдных рэпрэсіях. Сённяшняя маштабная атака на жыццёва важныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці паказвае, што зробленага міжнароднай супольнасцю недастаткова, каб пакласці канец гэтаму крызісу”, — заявіла Стразэрс.

” КДБ, — працягнула яна, — на мінулым тыдні выхваляўся, што праводзіць у маштабах усёй краіны аперацыю па „зачыстцы ад радыкалаў”, і сёння мы ўбачылі, як гэтая зачыстка выглядае на справе. Усе затрыманыя сёння павінны быць неадкладна вызваленыя, а гэтая кампанія супраць грамадзянскай супольнасці павінна быць спыненая”.

„Мы паўтараем свой заклік да міжнароднай супольнасці: грамадзянская супольнасць знішчаецца ў самым сэрцы Еўропы. Час дзейнічаць — абараняць свабоду і справядлівасць!” — заявіла прадстаўніца Amnesty International.

14 ліпеня сілавікі правялі вобшукі ў прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці і іншых недзяржаўных арганізацый. Агулам, паводле звестак праваабаронцаў, з вобшукамі і затрыманнямі сёння сутыкнуліся не менш за 30 чалавек і арганізацый.

8 ліпеня намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” заявіў, што ў краіне праходзіць аперацыя па „зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб”.

belapan.by