Грэх наракання
Польшча жыве зараз парламенцкімі выбарамі. У гарадах краіны процьма выбарчых плакатаў і банераў, якія часам можна ўбачыць у самых незвычайных месцах. Кожны ролік на юцюбе, прычым самай разнастайнай тэматыкі, перыядычна перапыняецца выбарчай рэкламай. Дакладней антырэкламай, дзе ўлада і апазіцыя бязлітасна страляюць адзін па адным. Уражанне, што пераважае менавіта антырэклама. І гэта хіба сведчыць пра градус разыходжанняў і нават нянавісці ў польскіх палітычных колах. Напэўна нешта падобнае адбываецца і ва ўсім грамадстве. Адлюстроўваю тут і далей выключна свой асабісты погляд, як назіральніка збоку.
У нядзелю ў Варшаве прайшоў так званы «Марш мільёнаў сэрцаў», арганізаваны польскай апазіцыяй. У цэнтр сталіцы выйшлі соткі тысяч пратэстоўцаў. І як звычайна, уладныя інфармацыйныя рэсурсы заніжаюць іх колькасць, а апазіцыйныя – завышаюць. Зразумела адно – што цяперашняе польскае грамадства выразна расколатае. І падзеленае яно прыблізна папалам, як гэта часта бывае ў розных дзяржавах у час важных выбарчых кампаній. І што няма паўтаноў ці адценняў – ёсць толькі белае і чорнае. Калі сфармуляваць сцісла, то галоўнае ў наступным: кіроўная партыя вінаваціць апазіцыю ў тым, што яна шчыльна супрацуе з Масквой і Берлінам і не лічыцца з нацыянальнымі інтарэсамі Польшчы, апазіцыя з іншага боку закідае цяперашняму ўраду недэмакратычны стыль кіравання з імкненням да таталітарызму і ўзурпацыі ўлады, а таксама еўрапейскага ізаляцыянізму. На згаданым варшаўскім Маршы словазлучэнне «таталітарная ўлада» гучала настолькі часта, што беларусы, многія з якіх досыць даўно жывуць у Польшчы, не маглі не адгукнуцца шматлікімі іранічнымі каментарамі ў сацсетках. Маўляў, з’ездзілі б вы ў Беларусь на пару дзён, каб на сваёй скуры пераканацца, што такое сапраўдны «таталітарны рэжым».
Разважаючы пра гэта ўсё з адным з сваіх польскіх сяброў, прыйшлі мы да высновы, што насамрэч у Польшчы зараз усталяваная сапраўдная «нацыянальная дэмакратыя». Сябра, аднак, лічыць, што «ліберальная дэмакратыя» – больш высокая ступень развіцця і пры пераходзе да яе адкрыюцца новыя магчымасці і перспектывы. Пагадзіўся я з ім толькі часткова – сапраўды на некаторы перыяд пры пераходзе да больш ліберальнай дэмакратыі могуць адбыцца, прыкладам, эканамічны рост, развіццё грамадзянскіх свабодаў. Але ў перспектыве леваліберальная дэмаратыя, як правіла, прыводзіць да сістэмных крызісаў. Гэта выразна паказала дзейнасць урадаў заходнееўрапейскіх дзяржаў – Нямеччыны, Францыі, Бельгіі, Нідэрляндаў, дзе так званая палітыка «мультыкультуралізму» і псеўдасацыяльныя праграмы прывялі да страты нацыянальнай ідэнтычнасці карэнных народаў, сацыяльнай нянавісці, росту тэрарызму і многіх іншых негатыўных працэсаў. Паспяхова ж спалучыць нацыянальную з ліберальнай дэмакратыяй пакуль ні ў каго ў свеце не ўдалося.
Тое, што многія людзі незадаволеныя існымі парадкамі ў краіне, якраз зразумела, чалавечая псіхалогія такая, што бальшыня людзей заўсёды хоча большага і лепшага. А пры тым ня можа ацаніць перавагаў таго, што ўжо мае. Цудоўна памятаю, як былі мы незадаволеныя ў Беларусі на пачатку 1990-ых гадоў тагачасным палітычным парадкам, тады ўсім нам здавалася, што перамены прывядуць толькі да лепшага. Тэарэтычна так і магло стаць, але на практыцы выйшла, што новы рэжым стаўся куды горшым папярэдняга, які кіраваў ў канцы існавання савецага саюзу і на пачатку суверэннасці.
Паездзіўшы нямала амаль па ўсёй Еўропе за апошнія 25 гадоў, у мяне асабіста склалася ўражанне, што Польшча ці не найлепшая краіна на кантыненце для жыцця. Размаўляючы з рознымі людзьмі давялося пачуць сама разнастайныя меркаванні наконт найноўшай гісторыі: адны кажуць, што найлепш кіраваў урад Кваснеўскага, іншыя хваляць Туска з Камароўскім, а трэція ўважаюць, што найбольш удала дзеіць сённяшняя ўлада. Прыкра тут тое, што грамадзяне Польшчы розных поглядаў ніколі не пагадзяцца, што ўсё лепшае, што яны маюць сёння і, на жаль, належна не цэняць, дасягнута магчыма ўсімі кіроўнымі посткамуністычнымі ўрадамі ў сукупнасці. Пра гэта нават не задумваюцца. Таму баюся, што грамадзянскі раскол будзе паглыбляцца, а градус нянавісці ўзрастаць.
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, №41, 2023 год