Грэцыя будзе патрабаваць ад Германіі рэпарацый
Грэцыя мае намер патрабаваць ад Нямеччыны рэпарацыі за страты, прычыненыя фашыстоўскай Германіяй у час Другой сусветнай вайны. Парламент Грэцыі ў сераду, 17 красавіка, бальшынёй галасоў ухваліў рэзалюцыю, якая абавязвае ўрад Алексіса Цыпраса дамагчыся выканання грэчаскіх патрабаванняў „усімі патрэбнымі дыпламатычнымі і юрыдычнымі сродкамі”, паведамляе рэсурс www.dw.
Алексіс Цыпрас у парламенце
Патрабаваць рэпарацый Цыпрас абяцаў яшчэ на выбарах у 2015 годзе. Парламенцкая экспертная камісія ў 2018 годзе ацаніла іх на суму не менш чым 270 мільярдаў еўра, якія павінны кампенсаваць разбурэнні і рабаванні ў час Першай сусветнай вайны, а таксама страты, якія пацярпела Грэцыя ў час гітлераўскай акупацыі з красавіка 1941-га па верасень 1944 года. За гэты перыяд загінулі каля 300 тысяч грэкаў. Акрамя таго, акупацыйныя ўлады ў 1942 годзе змусілі Нацыянальны банк Грэцыі прадаставіць нацысцкай Германіі крэдыт на 476 мільёнаў рэйхсмарак.
Германія лічыць пытанне рэпарацый юрыдычна і палітычна канчаткова ўрэгуляваным, заявіў у сераду ў Берліне афіцыйны прадстаўнік федэральнага ўраду Штэфан Зайберт.
У Берліне спасылаюцца на заключаны ў 1990 годзе дагавор „два плюс чатыры” пра аднаўленне адзінства Германіі. Гэтая дамова, якая падводзіць рысу пад падзеямі Другой сусветнай вайны, прызнаная і Грэцыяй, выплаты дадатковых рэпарацый дамова не прадугледжвае.
Германія ў пасляваенныя гады выплаціла ахвярам гітлераўскага рэжыму ў Грэцыі кампенсацыі на агульную суму 115 мільёнаў марак ФРГ. якія, паводле дамовы ад 1960 года, пакрылі ўсе індывідуальныя патрабаванні. Што датычыць шматмільённага крэдыту „трэцяму райху”, то, паводле даных ураду ФРГ, гэтае пытанне ўрэгуляванае Лонданскім пагадненнем пра даўгі 1953 года.
Акрамя гэтага, на першай канферэнцыі па рэпарацыях, якая адбылася ўвосень 1945 года ў Парыжы, Грэцыі была вызначана яе доля ў агульнай суме рэпарацый за Другую сусветную вайну. Паводле таго рашэння, Грэцыя атрымала з пасляваеннай Заходняй Германіі тавараў на суму, якая ў пераліку на цяперашні курс складае каля двух мільярдаў еўра.
Што датычыць рэпарацый за Першую сусветную вайну, то Германія цалком завяршыла іх выплату ў 2010 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя