Група «Беларусь»
Дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь» паўстала ў партугальскім парламенце. Гэта 23-я падобная група. Да яе з’яўлення спрычынілася Святлана Ціханоўская.
23-я! Спытай у шараговага партугальскага выбарца дзе тая Беларусь, не факт, што адкажа. Магчыма тут і цяпер для еўрапейскіх краінаў тэма Беларусі не прынцыповая, але ў аддаленай перспектыве бяспека Еўропы будзе наўпрост звязаная з бяспечнай Беларуссю.
З дваццаці трох краінаў, дзе ў парламентах ёсць сябры свабоднай беларускай супольнасці, чатыры не з Еўразвязу. Гэта ЗША, Нарвегія, Вялікая Брытанія і Украіна.
Калі з заходнімі палітычнымі сістэмамі ўсё больш-менш зразумела, вось дэмакратыя – дабро, а вось аўтарытарызм ці дыктатура – гэта зло, то Украіна застаецца палітычным квэстам.
Дыктатуры няма, але ёсць кланавасць. Як бы дэмакратыя, але выразных механізмаў кантролю дэмаса – народу – за ўладай няма.
Парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе ўзначальвае Олэксій Гончарэнко, дэпутат з Адэсы. Я лічу, што Олэксій вельмі смелы чалавек. Ён стварыў групу падтрымкі свабодных беларусаў, калі ва ўкраінскай уладзе быў трэнд на прыніжэнне значнасці Беларускай рэвалюцыі 2020 году. А ўсё для таго, каб пакінуць добрыя адносіны з Лукашэнкам.
Мы часта чулі пра тое, што ва ўкраінскіх палітыкаў свае інтарэсы, у тым ліку ім не выгадна падтрымліваць дэмакратычных беларусаў. Бо трэба сябраваць з Лукашэнкам. Але дэпутат Олексій Гончарэнко дэманструе нам, што прынцыпамі не гандлююць.
Прынцыповыя супраць папулістаў – гэта вельмі старая тэма.
У кантэксце Беларусі любы папулізм прайграе, бо Лукашэнка не проста дыктатар, ён усяляк выпячвае зло, якое творыць.
Часта дыктатары імкнуцца выглядаць цывілізавана, падладжвацца пад вонкавыя стандарты, прынятыя ў краінах дэмакратыі.
У такі спосаб дыктатары пакідаюць магчымасць камунікавання з Захадам. Бо дзе Захад – там рэспектабельнасць.
Лукашэнку рэспектабельнасць не патрэбная. Ён у атачэнні далёка не сяброў. Лукашэнку трэба выжываць.
23-я парламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь» – гэта чарговы напамін, што па дыктатарскай сістэме ў Беларусі працуюць.
Кітайцы плануюць сваю палітыку на пяцьдзясят гадоў наперад, амерыканцы на дзесяць, а беларусы?
Нам трэба ўсвядоміць, што мы – беларусы – палітычна суб’ектныя. Гісторыя, прынамсі, Еўропы ўжо развіваецца з улікам нашай суб’ектнасці. Будзь мы ўнутры акупаванай Беларусі, ці звонку нашай радзімы.
Мы той самы галоўны аргумент у спрэчцы між прынцыповымі і папулістамі – Еўропа не можа дыхаць спакойна, пакуль беларусаў тэрарызуюць.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя