У Вярхоўным судзе затрымалі 7 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць „кандыдатаў пратэсту” (абноўлена)



Як мінімум аднаго затрыманага ў Вярхоўным судзе пратэстоўца — актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Сяргея Спарыша — даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, паведаміў праваабарончы сайт spring96.org.

Днём 19 мая ў будынку Вярхоўнага суда было затрымана сем чалавек, якія прыйшлі падтрымаць так званых кандыдатаў пратэсту — прыхільнікаў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, чые ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты не былі зарэгістраваныя ў ЦВК.

Праваабаронцы назвалі імёны затрыманых. Акрамя Спарыша гэта Арцём Бабок, Юлія Лемехава, Дзмітрый Місюк, а таксама „кандыдаты пратэсту” Анжаліка Жалезнякова, Тамара Патоцкая, Уладзімір Неўмяржыцкі. Яшчэ адзін актывіст, Валянцін Фралоў, спачатку быў затрыманы, а затым адпушчаны. Лёс астатніх пакуль невядомы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усіх затрыманых даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна сталіцы.

belapan.by

* * * 

Трох кандыдатаў пратэсту Анжаліку Жалезнякову, Тамару Патоцкую, Уладзіміра Неўмержыцкага, а таксама чатырох актывістаў „Народнай Грамады” выдалілі з судовай залы ў Вярхоўным судзе. Прычынай аказаліся майкі з крэатыўным надпісам раўназначным слову «сыходзь».

Кажа жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

– Падчас разгляду скаргі Анжалікі Жалязняковай усіх, хто прысутнічаў у зале судовага пасяджэння, згрэблі, як заўсёды, нашы таварышы ў цывільным. Праўда, у суправаджэнні аднаго ці двух міліцыянтаў, і выцягнулі з Вярхоўнага суда, які ахоўваецца старанна людзьмі ў званні афіцэраў міліцыі ад лейтэнанта да маёра. Вось гэтыя асобы ў цывільным выцягнулі з будынка.

Паводле Марыны Адамовіч, гэта апафеоз правасуддзя, далей ужо няма куды. Галоўнае правасуддзе дэманструе, што рэжым настроены агрэсіўна бараніць крэсла Лукашэнкі на шосты тэрмін.

***

Група паплечнікаў Мікалая Статкевіча прыехала ў Вярхоўны суд з мэтай абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ЦВК іх ініцыятыўных груп. Разгляд іх скаргаў быў прызначаны на 14.30.

Частка «кандыдатаў пратэсту» была затрыманая праваахоўнікамі ў будынку Вярхоўнага суду. Іх месцазнаходжанне на дадзены момант невядомае.

У першай палове дня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп усім «кандыдатам пратэсту» Статкевіча. Гэтае рашэнне яны збіраліся абскарджваць у Вярхоўным судзе. Не была зарэгістраваная таксама ініцыятыўная група самога Мікалая Статкевіча.

Беларускае Радыё Рацыя