„Група Вагнера” ў Беларусі пакуль не ўяўляе ваеннай пагрозы
„Група Вагнера” ў Беларусі не ўяўляе ваеннай пагрозы ні для Польшчы, ні для Украіны, пакуль не будзе пераабсталяваная механізаванай тэхнікай”, – заяўляе амерыканскі Інстытут даследаванняў вайны.
Аналітыкі прааналізавалі ўчорашні інцыдэнт з парушэннем паветранай прасторы Польшчы беларускімі верталётамі, якія павінны былі выканаць трэніровачны палёт каля польскай мяжы.
У адказ на інцыдэнт міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.
«Перасячэнне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленне радыёлакацыйнымі сістэмамі. Таму ў ранішнім паведамленні Аператыўнага камандавання родаў Узброеных Сіл паведамлялася, што польскія радыёлакацыйныя сістэмы не зафіксавалі парушэнняў польскай паветранай прасторы», – тлумачыць Міністэрства нацыянальнай абароны.
Аб інцыдэнце паведамілі ў НАТА.
Беларускае Радыё Рацыя