Грузія гатова ўступіць у НАТА. Цяпер справа за Альянсам



Міністр Вітальд Вашчыкоўскі зазначыў, што Польшча хоча, каб Грузія як найхутчэй уступіла ў НАТА. Кіраўнік польскай дыпламатыі зазначыў, што гэтая краіна ўжо цалкам да гэтага падрыхтваная.

radiotavisupleba.ge

Намеснік кіраўніка Атлантычнай Рады Грузіі Бату Кутэлія ў каментары для нашага радыё зазначыў, што справа прыняцця Грузіі ў НАТА – гэта выключна пытанне палітычнай волі краінаў Альянсу:

– Грузія гатовая ўступіць у НАТА. Яна ўжо робіць вялікі ўнёсак у Еўраатлантычную бясьпеку шляхам удзелу ва ўсіх міратворчых аперацыях, у тым ліку і ў Афганістане. Унутраныя рэформы па ўдасканаленні ўзброеных сіл Грузіі ідуць поўным ходам па стандартах НАТА. Палітычнае рашэнне, што Грузія стане сябрам НАТА, было прынятае яшчэ ў 2008 годзе. Зараз для нас важна, каб гэтае палітычнае рашэнне атрымала канкрэтныя часавыя рамкі.

На пытанне, ці не перашкодзіць уступленню Грузіі ў НАТА наяўнасць непадкантрольных ураду Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Бату Кутэлія адказаў, што такія прэцэдэнты ўжо былі, і сяброўства ў НАТА можа паспрыяць аднаўленню тэрытарыяльнай цэласнаці Грузіі:

– Я думаю, што ўваходжанне ў НАТА дапаможа аднаўленню тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі мірным шляхам. Калі паглядзець гісторыю пашырэння Альянса, такія прэцэдэнты здараліся. Напрыклад, Германія.

У 2008 годзе падчас саміта НАТА ў Бухарэсце збіраліся абвясціць перспектыву сяброўства Грузіі і Украіны ў Альянсе, аднак гэтая ідэя спаткалася з супрацівам Францыі і Нямеччыны, якія баяліся раззлаваць Расею.

Нагадаем, што прэзідэнт ЗША Барак Абама падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што дзверы НАТА застаюцца адчыненымі для любой краіны, якая цвёрда хоча далучыцца да Альянсу.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота netherlands.mfa.gov.ge