Грузія заяўляе пра новую пагрозу ад Расеі



“Свет змагаецца з эпідэміяй, а Расея вярнулася да правакацый у Грузіі”. Такім запісам у Twitter прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі адрэагавала на ўзнаўленне бардэрызацыі Паўднёвай Асетыі.

Адначасна грузінскія эксперты заявілі пра ваенную пагрозу Расеі, якая палягае ў з’яўленні ля берагоў Абхазіі “падраздзялення радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Чарнаморскага флоту”. На думку Тбілісі, гэта можа быць “працягам” крытыкі МЗС РФ на адрас рэспублік былога СССР, на тэрыторыях якіх ЗША адкрылі рэферэнс-лабараторыі. Так нядаўна ЗША адкрылі ў Грузіі амерыкана-грузінскі Цэнтр грамадскай аховы здароўя імя Рычарда Лугара.

Работы па абсталяванні мяжы паміж Грузіяй і Паўднёвай Асетыяй аднавіліся ў раёне сяла Тахтысдзіры Карэльскага муніцыпалітэту. Тбілісі лінію, якая аддзяляе экс-аўтаномію ад астатняй тэрыторыі, лічыць адміністратыўнай мяжой, якая павінна быць празрыстай і ў значнай ступені ўмоўнай. У Паўднёвай Асетыі, якая абвесціла незалежнасць, гэтую мяжу называюць дзяржаўнай з усімі наступствамі і атрыбутыкай: памежнымі слупамі, банерамі, калючым дротам.

“У той час як свет змагаецца з агульным ворагам і міжнародная салідарнасць стала абавязковай, акупацыйны рэжым працягвае і ўзмацняе правакацыйныя дзеянні і паказвае сваё сапраўднае аблічча”, – піша Зурабішвілі. Пратэст прэзідэнта Грузіі падтрымалі МЗС Украіны, Літвы, сустаршыні Жэнеўскай групы па перамовах аб прэвенцыі напругі на Паўднёвым Каўказе.

Беларускае Радыё Рацыя

фота з старонкі Зурабішвілі ў facebook