Грыбаўскайтэ назвала БелАЭС геапалітычным праектам Расеі



Будаўніцтва Беларускай АЭС з’яўляецца геапалітычным праектам Расеі, накіраваным супраць Літвы. Такое меркаванне 23 лютага ў Вільні выказала журналістам літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ, паведамляе балтыйскае інфармагенцтва BNS.

 

„Я лічу Беларускую АЭС расейскім геапалітычным праектам, нядобразычліва накіраваным супраць Літвы, — заявіла яна. — Гэты праект — магчымасць шантажыраваць Літву і аказваць на яе націск, перашкаджаць сінхранізацыі яе [энергасістэмы] з Захадам”.

Грыбаўскайтэ падкрэсліла, што Літва павінна як мінімум патрабаваць ад Беларусі бяспекі і празрыстасці рэалізацыі яе ядзернай праграмы, а як максімум — усімі магчымымі спосабамі спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС.

„Без сумневаў, наша задача — абараніць свой рынак ад трапляння на яго электраэнергіі з такой станцыі, таксама мы павінны паскорыць працэс сінхранізацыі [нацыянальнай энергасістэмы з аб’яднанай энергасістэмай Еўропы]”, — сказала прэзідэнт Літвы.

Яна дадала, што літоўскі бок павінен „зрабіць усё, каб праект Беларускай АЭС стаў эканамічна нявыгадным, каб яго прызналі небяспечным і накіраваным супраць Літвы”.

У пачатку лютага літоўскае МЗС апублікавала на сваім сайце дзесяць прычын, па якіх Літва не лічыць будаванне БелАЭС бяспечным.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вада-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

belapan.by