Грыбаўскайтэ: „Захад-2017” – дэманстрацыя падрыхтоўкі да вайны



Запланаваныя расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017” дэманструюць падрыхтоўку гэтых краін да вайны з Захадам, лічыць прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.

„Мы бачым, што пагрозы розныя, яны ўзрастаюць, у тым ліку мы з непакоем чакаем вучэнняў „Захад-2017″, падчас якіх канцэнтруюцца вельмі шматлікія і агрэсіўныя сілы, ідзе дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам”, — заявіла Грыбаўскайтэ прадстаўнікам СМІ ў Рызе, паведамляе партал ru.delfi.lt.

Паводле яе слоў, пагрозы з Усходу вымушаюць краіны Балтыі прасіць партнёраў пра дадатковыя гарантыі бяспекі, напрыклад, пра хуткасць прыняцця рашэнняў у НАТА.

Грыбаўскайтэ таксама выказала надзею абмеркаваць на наступным тыдні пытанні бяспекі з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майкам Пенсам. Літоўскі лідар спадзяецца, што кантакт з новай адміністрацыяй ЗША будзе „вельмі шчыльным”.

Старшыня камітэта сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) Вітаўтас Бакас сёння заявіў, што вайсковыя вучэнні „Захад-2017”, па ўсёй бачнасці, будуць найбуйнейшымі ў гісторыі вучэннямі ля межаў Літвы. Пасля сённяшняга пасяджэння КНБА дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Дарус Яўнішкіс у сваю чаргу заявіў, што вучэнні „Захад-2017” будуць галоўным выклікам нацыянальнай бяспецы Літвы сёлета.

Паводле БелаПАН

Фота: Flickr