Губарэвіч патрабуе пачаць крымінальную справу па фактах фальсіфікацый
Былы кандыдат у дэпутаты па 108 Каліноўскай выбарчай акрузе Юрась Губарэвіч накіраваў скаргу ў Следчы камітэт па выніках выбараў з патрабаваннем правесці праверку і пакараць вінаватых у фальсіфікацыях.
Ён лічыць, што падчас галасавання па яго выбарчай акрузе № 108, у прыватнасці, вёўся няправільны падлік выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні:
– Падчас правядзення кампаніі назірання на маёй акрузе было выяўлена досыць шмат фактаў і парушэнняў, і фальсіфікацый вынікаў ыбараў. Перш за ўсё гэта тычыцца завышэння рэальнай яўкі, бо па падліках назіральнікаў і па пратаколах камісіяў розніца склала каля 15 тысяч галасоў. Гэта 5,5 тыс на папярэднім галасаванні і больш за 9 тыс у асноўны дзень. Гэта істотнае разыходжанне. І яўка была недастатковая, каб выбары прызнаць сапраўднымі.
Як адзначае былы кандыдат у дэпутаты, намеснік старшыні Руху «За свабоду», ад выбарчых камісій ён дамагчыся адказаў на свае пытанні не змог, таму і звярнуўся ў праваахоўныя органы:
– Тыя механізмы, якія прапануюцца ў рамках выбарчага кодэксу, а менавіта -зварот у вышэйстаячую выбарчую камісію, не працуюць. Бо прыходзяць адпіскі. Я ўжо накіроўваў такія звароты як у акруговую камісію з патрабаваннем адмяніць вынікі выбараў, так і ў гарадскую, адкуль яшчэ не атрымаў адказу. Таму я вырашыў звярнуцца ў міліцыю, бо на маю думку, тут ёсць падстава сцвярджаць пра здзяйсненне крымінальных злачынстваў на тэрыторыі акругі.
Юрась Губарэвіч патрабуе ад праваахоўных органаў апытаць назіральнікаў, праверыць спіс выбаршчыкаў і іх подпісы, абзваніць іх ды правесці графалагічную экспертызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя