Губарэвіч прапаноўвае Давыдзьку правесці дэбаты



Кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч хоча выклікаць старшыню грамадскага аб’яднання „Белая Русь” Генадзя Давыдзьку на дэбаты, не чакаючы рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Пра гэта Губарэвіч напісаў у Facebook.

Губарэвіч і Давыдзька зарэгістравалі ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты ва Усходняй выбарчай акрузе Мінска.

„Раней Генадзь Давыдзька выказваўся, што Губарэвіча рыхтавалі на нейкіх, ледзь не дыверсійных, замежных цэнтрах, а пасля заслалі ў Беларусь. Зараз згаджаецца сустрэцца на дэбатах і дапускае магчымасць зняць сваю кандыдатуру на маю карысць. Навошта чакаць афіцыйнай рэгістрацыі? Прапаную пайсці ў эфір „Еўрарадыё” да Змітра Лукашука і правесці дэбаты, не чакаючы на рэгістрацыю”, — напісаў Губарэвіч.

У каментары БелаПАН лідар руху „За Свабоду” растлумачыў, што асабіста не апавяшчаў Давыдзьку пра свой намер і спадзяецца, што ён даведаецца пра гэта са СМІ. Губарэвіч дадаў, што гатовы размаўляць на любых пляцоўках і на любыя тэмы, якія ЦВК не расцэніць як агітацыю.

„Працэдура афіцыйных дэбатаў прапісаная ў Выбарчым кодэксе. Але гэта не азначае, што ўсе прэтэндэнты ў кандыдаты цяпер на месяц павінны знікнуць з эфіраў і не выказвацца на любыя тэмы. Нельга толькі выкарыстоўваць службовае становішча і падкантрольныя СМІ. Таму дэбатаваць на пляцоўцы „Клуба рэдактараў” на тэлебачанні я не прапаноўваю”, — растлумачыў ён.

Каментар Давыдзькі атрымаць пакуль не ўдалося. Раней у інтэрв’ю tut.by ён заявіў, што гатовы пайсці на дэбаты з Губарэвічам пасля рэгістрацыі кандыдатам.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН