Human Constanta заклікае ўлады Беларусі не выкарыстоўваць мігрантаў як інструмент ціску на Еўразвяз



Арганізацыя Human Constanta (пазбаўленая дзяржрэгістрацыі ў Беларусі) заклікае ўлады Беларусі адмовіцца ад практыкі выкарыстання мігрантаў у якасці інструмента ціску на краіны Еўразвязу, а Польшчу — выконваць правы чалавека і міжнародныя стандарты ў сферы абароны правоў.

„Мы заклікаем улады Беларусі спыніць практыку выкарыстання транзітных бежанцаў як інструмента ціску на краіны Еўразвязу, выконваць абавязацельствы ў галіне абароны правоў чалавека і не правакаваць гуманітарны крызіс сярод мігрантаў, якія знаходзяцца ў вельмі ўразлівым становішчы”, — гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце арганізацыі, якая раней у Беларусі займалася правамі бежанцаў і мігрантаў.

У гэты ж час мы занепакоеныя незаконнымі адмовамі з боку супрацоўнікаў польскай памежнай службы ў прыёме вусных і пісьмовых заяў на міжнародную абарону, а таксама практыкай гвалтоўнага вяртання мігрантаў з тэрыторыі Польшчы на тэрыторыю Беларусі. Мы нагадваем, што Польшча, як і іншыя краіны, узяла на сябе абавязацельства выконваць міжнародныя стандарты ў галіне абыходжання з людзьмі, якія шукаюць прыстанку, і абавязацельствы ў сферы абароны правоў чалавека. Гэта азначае, што Польшча павінна прыняць заявы на абарону ў мігрантаў, якія прыбываюць з тэрыторыі Беларусі, і забяспечыць індывідуальную ацэнку такіх заяў у адпаведнасці з устаноўленай працэдурай”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Human Constanta просіць улады Беларусі і Польшчы забяспечыць доступ лакальным НДА і місіям міжнародных арганізацый да людзей, якія знаходзяцца ў прымежнай зоне і на мяжы, для аказання ім гуманітарнай, медыцынскай і прававой дапамогі.

„Мы таксама нагадваем, што апошнім часам у Беларусі паўсюдна фіксуюцца выпадкі парушэння правоў чалавека, ігнаравання норм нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў, адмовы ў прыёме заяў на абарону, выпадкі высылкі мігрантаў у краіны, дзе ім пагражае небяспека. Беларусь не з’яўляецца бяспечнай краінай для людзей, якія шукаюць абароны”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.