Human Rights Watch заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў



На працягу апошніх пяці месяцаў у Беларусі адзначаецца эскалацыя пераследаў незалежных журналістаў, гаворыцца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch (HRW).

У дакуменце адзначаецца, што журналісты „зазнаюць адвольныя затрыманні і гвалт, іх штрафуюць і адпраўляюць за краты па палітычна матываваных абвінавачваннях, пазбаўляюць акрэдытацыі, а ў дамах і рэдакцыях праводзяцца вобшукі”.

На думку HRW, гэтыя рэпрэсіі з’яўляюцца „часткай спробаў уладаў абмежаваць медыйнае асвятленне парушэнняў правоў чалавека і мірных пратэстаў, якія праходзяць па ўсёй краіне пасля 9 жніўня мінулага года, калі былі абвешчаныя афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў”. „Пратэстоўцы патрабуюць справядлівых выбараў і правасуддзя за парушэнні правоў чалавека”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

„Замест таго каб забяспечыць правасуддзе за шырокамаштабную міліцэйскую жорсткасць і іншыя парушэнні, беларускія ўлады пераследуюць журналістаў, якія пішуць на рэзанансныя тэмы, — заявіў дырэктар HRW па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Х’ю Уільямсан. — Урад павінен гарантаваць усім журналістам магчымасць займацца прафесійнай дзейнасцю, не асцерагаючыся наступстваў і не адчуваючы празмерныя абмежаванні”.

У дакладзе адзначаецца, што праваабарончая арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” назвала Беларусь самай небяспечнай для журналістаў еўрапейскай краінай з-за пераследу незалежных прадстаўнікоў прэсы, якія працуюць мірна і законна.

HRW узяла інтэрв’ю ў 19 незалежных журналістаў, якія пішуць пра сітуацыю ў Беларусі, а таксама іх адвакатаў і сваякоў. Некалькі журналістаў распавялі HRW пра тое, што камізэлька з надпісам „Прэса” ператварылася для іх са „знака абароны ў мішэнь на спіне”.

„З канца верасня па сакавік супраць журналістаў былі распачатыя як мінімум 18 крымінальных спраў, як уяўляецца, каб адплаціць за іх працу, — гаворыцца ў дакладзе. — Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўжо прыгавораныя да рэальных тэрмінаў зняволення — ад шасці месяцаў да двух гадоў. Сем журналістаў, а менавіта Андрэй Аляксандраў, Юлія Слуцкая, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна і Дзяніс Івашын, чакаюць суда за кратамі паводле такіх крымінальных абвінавачванняў, як арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ухіленне ад выплаты падаткаў і ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў. Адзін журналіст знаходзіцца пад хатнім арыштам па справе аб абразе прэзідэнта”.

Як адзначае HRW, адвакатаў многіх з гэтых журналістаў улады прымушалі даваць падпіску пра невыдаванне матэрыялаў справы, неканкрэтны характар якой фактычна забараняе публікаваць любую інфармацыю пра справы іх падабаронных. Некалькі адвакатаў, якія адмовіліся даваць такую падпіску па аналагічных справах, пазбавіліся ліцэнзіі, гаворыцца ў дакладзе.

„Улады Беларусі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць з месцаў зняволення Андрэеву, Чульцову і Барысевіч з адменай прысуду, а таксама вызваліць з СІЗА семярых журналістаў, пра якія гаварылася вышэй, і спыніць распачатыя супраць іх крымінальныя справы, — заяўляе HRW. — У некаторых справах па надуманых абвінавачваннях журналісты прыцягваліся як сведкі, пасля чаго зведвалі націск з боку праваахоўнікаў і суда. Яны распавялі, што іх выклікалі ў міліцыю, пагражалі крымінальным пераследам, у іх дома і на працы праводзіліся вобшукі з канфіскацыяй апаратуры. Як мінімум адна газета была вымушаная на час спыніць працу з-за пагрозы крымінальнай справы, вобшукаў і канфіскацыі тэхнікі”.

У дакладзе гаворыцца пра тое, што 16 лютага па ўсёй Беларусі „прайшлі міліцэйскія рэйды з канфіскацыяй тэхнікі, мішэнню якіх былі праваабарончыя групы і сама меней пяць журналістаў”. Паводле афіцыйнай версіі, вобшукі праводзіліся ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. „Як уяўляецца, улады прыраўноўваюць аказанне юрыдычнай дапамогі затрыманым дэманстрантам да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, — гаворыцца ў дакладзе.

Вобшук прайшоў у тым ліку і ў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) — праваабарончай арганізацыі, якая дапамагае журналістам у Беларусі. У сакавіку як сведкі па справе аб масавых беспарадках былі дапытаныя старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і яго намеснік Барыс Гарэцкі. У снежні Бастунца дапытвалі як сведку па справе аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. „Маюцца сур’ёзныя і абгрунтаваныя асцярогі, што за лютаўскімі рэйдамі пачнуцца новыя надуманыя крымінальныя справы супраць журналістаў”, — лічыць HRW.

„Улады Беларусі лжыва прыраўноўваюць асвятленне несанкцыянаваных дэманстрацый да ўдзелу ў іх, асабліва калі гаворка ідзе пра карэспандэнта выдання, якому адмаўляюць у акрэдытацыі, — гаворыцца ў дакладзе. — У снежні міністр інфармацыі Ігар Луцкі заявіў, што краіна апынулася ў стане інфармацыйнай вайны, якая мела вынікам знішчэннем дзяржавы, і абвінаваціў незалежную журналістыку ў тым, што яна нібыта адкрыта выступае на баку агрэсараў”.

„Прынамсі чацвёра журналістаў распавялі Human Rights Watch пра тое, што падчас або пасля затрымання зведалі недазволенае абыходжанне. Такое абыходжанне ўключала жорсткае збіванне, адмову ў медыцынскай дапамозе і нездавальняючыя ўмовы ўтрымання. Некаторыя расказалі, што іх абсталяванне было знішчанае, — адзначаецца ў дакладзе. — За апошнія месяцы як мінімум два журналісты з расійскім грамадзянствам былі высланыя з Беларусі, як мяркуецца, у сувязі з прафесійнай дзейнасцю. Як мінімум у трох выпадках затрыманым журналістам пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Пасля гэтага ўсе яны разам з сем’ямі з’ехалі з краіны”.

HRW таксама адзначае, што ўлады выносілі СМІ папярэджанні ў сувязі з публікацыяй нібыта недакладнай інфармацыі і крытыкі ўрада. „Прынамсі адно выданне было несправядліва пазбаўленае статусу СМІ за парушэнне галіновага заканадаўства (гаворка ідзе пра партал tut.by. — БелаПАН.), — гаворыцца ў дакладзе. — Як мінімум пяць незалежных газет сутыкнуліся з адмовай друкаваць іх з боку дзяржаўных друкарняў. Як мінімум адна газета, якая знайшла прыватную друкарню, паведамляла пра тое, што надрукаваны наклад аднаго з нумароў быў цалкам канфіскаваны праваахоўнымі органамі, які не паказалі дакументаў, што санкыянуюць канфіскацыю”.

У дакладзе згадваецца, што 2 кастрычніка ўрад зацвердзіў падрыхтаваную МЗС „новую рэдакцыю палажэння аб акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ, якая значна ўскладніла парадак яе атрымання, прытым што ўжо выдадзеныя акрэдытацыі былі аўтаматычна ануляваныя”.

HRW заклікае ўлады Беларусі паважаць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў. У дакладзе падкрэсліваецца, што міжнароднае права абавязвае ўрад не дапускаць неапраўданага ўмяшання ў прафесійную дзейнасць журналістаў, у тым ліку ў сітуацыях асвятлення несанкцыянаваных пратэстаў.

„Беларускія ўлады павінны перастаць рабіць выгляд, што свабода выказвання меркаванняў пагражае нацыянальнай бяспецы, — падкрэсліў Уільямсан. — Яны павінны зняць надуманыя абвінавачванні і неадкладна вызваліць усіх тых, хто знаходзіцца за кратамі. Трэба спыніць крымінальны пераслед, уціск і іншы прэсінг у дачыненні да журналістаў, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі”.

belapan.by