ICAO апублікавала справаздачу па інцыдэнце з самалётам Ryanair у Беларусі



Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі апублікавала справаздачу аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair у Менску ў траўні мінулага году. ICAO прыйшло да высновы, што службовыя асобы Беларусі распарадзіліся перадаць заведама лжывае паведамленне аб закладзенай бомбе на борт самалёта, у якім ляцеў апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч.

Справаздачу пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

 Гэты даклад быў дапоўнены. Нягледзячы на ўсе спробы Лукашэнкі зманіпуляваць фактамі, зрабіць падлог дакументаў, пераканаць, што гэтая пасадка была вымушаная, – усё гэта правалілася. Да дакладу далучыліся сведчанні ключавога сведкі, які непасрэдна ўдзельнічаў, бачыў, назіраў за інцыдэнтам. І віна рэжыму была даказаная.

Па словах Вячоркі, спачатку сакратарыят ICAO не планаваў публікаваць даклад, але частка краін — Літва, Польшча, Латвія, Гішпанія, ЗША і шэраг іншых — выступілі з патрабаваннем апублікаваць дакумент. Расея заступалася за Лукашэнку і дабівалася таго, каб справаздача не была апублікаваная.

Дарадца Ціханоўскай упэўнены, што «справаздача стане асновай для міжнароднага расследавання і суду супраць рэжыму Лукашэнкі за паветраны тэрарызм».

Беларускае Радыё Рацыя