ICAO разгледзіць прамежкавы даклад пра інцыдэнт з Ryanair 25 кастрычніка
Савет Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 25 кастрычніка разгледзіць прамежкавы дакумент аб інцыдэнце з самалётам Ryanair, які ў канцы траўня сеў у Менску з-за ілжывага паведамлення аб небяспецы. Пра гэта паведаміў 14 кастрычніка прадстаўнік РФ у арганізацыі Сяргей Гудкоў, піша ТАСС.
Ён адзначыў, што ніякіх папярэдніх або канчатковых высноў пры гэтым яшчэ зроблена не будзе. Паводле яго інфармацыі, на пасяджэнні асабіста або ў віртуальным фармаце будзе прысутнічаць прадстаўнік Беларусі. Гэта будзе залежыць ад вырашэння візавых пытанняў. Канкрэтных імёнаў ён не назваў.
Першапачаткова даклад планавалі разгледзець 13 верасня. У жніўні прадстаўнікі групы ICAO па расследаванні інцыдэнту з рэйсам Ryanair Афіны — Менск наведалі Беларусь. З імі сустрэўся міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі, міжведамасная камісія Беларусі, а таксама кіраўнікі авіяцыйных арганізацый. Група ICAO планавала наведаць Беларускія авіяцыйныя арганізацыі, сустрэцца з персаналам. Сікорскі заявіў, што спецыялісты ICAO адмовіліся размаўляць з Раманам Пратасевічам. Паведамлялася, што па выніках візіту планавалася скарэктаваць папярэднюю справаздачу.