Ідзе барацьба за настроі людзей



Аляксандр Лукашэнка загадаў узнагародзіць супрацоўнікаў ГУБАЗіК за «сарваны тэракт» ды нагадаў пра «галоўных экстрэмістаў», якія нібыта сядзяць за мяжой.

Вонкавым сілам вельмі хочацца абвастрыць становішча ў Беларусі, – чарговы раз паўтарыў Аляксандр Лукашэнка:

– Каналы, якія раней вадзілі па Менску «пратэстуноў» ад гэтага адмовіліся, з’явіліся больш радыкальныя, тыпу распіяранага вамі BYPOL, дзе паўтара-два дзясяткі былых ваеннаслужачых. Цяжка іх, канешне, назваць ваеннаслужачымі. Вы бачыце гэтыя заклікі да радыкалізацыі. Асабліва ў чарговы раз хачу адзначыць працу нашай міліцыі, Галоўнага ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.  

Такая рыторыка вельмі прадказальная, – кажа эксперт па бяспецы, кіраўнік аналітычнага праекта „Belarus security blog” Андрэй Паротнікаў.  – Ідзе барацьба за настроі людзей:

– Рэжым, які не мае пазітыўнага парадку дня для грамадства,  эксплуатуе тэзу пра тое, што “без нас вам будзе яшчэ горш”. То бок і зараз не цукар, але без нас увогуле будзе катастрофа. Якраз-такі такія апеляванні да нейкай тэрарыстычнай ці экстрэмісцкай пагрозы – гэта не абгрунтаванне рэпрэсій у першую чаргу, рэпрэсіі тут другасныя, яны інструмент, а не мэта. А на мэце якраз-такі запалохванне грамадства і спроба яго, калі не кансалідацыі вакол рэжыму, то прынамсі забеспячэнне яго нейтралітэту.   

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў назвала абвінавачванні абсурднымі, бо яшчэ 24 сакавіка яны атрымалі інфармацыю, што менавіта сілавікі рыхтуюць інсцэніроўку тэракту, які дазволіць абгрунтаваць увядзенне надзвычайнага становішча ў Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя