Працягваецца падрыхтоўка да двух кангрэсаў – за незалежнасць і дэмакратычных сілаў
Прадстаўнікі апазіцыі ў чарговы раз паспрабавалі дамовіцца аб правядзенні Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Паводле сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, крок наперад зроблены, але далёка неканчатковы. У такой нявызначанай сітуацыі розныя дэмкратычныя групоўкі пачалі шукаць сваі шляхі кансалідацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў:
– Да Кангрэсу і да канчатковага адзінства мы наблізіліся істотна. 7 кастычніка будзе наступная сустрэча, магчыма пасля яе штосці праясніцца.
У той жа час паралельна рыхтуецца іншы Кангрэс – за незалежнасць, які павінен прайсці да канца гэтага году, – кажа намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:
– Кангрэс дэмакратычны сіл – гэта працэдура, якая ўвесь час займаецца адным і тым жа пытаннем – гэта кансалідацыя палітычных сілаў і структураў, і іх мэта – вылучыць адзінага кандыдата на выбары. Нашая мэта не палягае ў гэтай плоскасці. Супярэчання тут я не бачу. Іншая справа, што перамовы з палітычнымі партыямі пакуль мы не правялі, каб працаваць супольна.
Паводле намесніцы старшыні Таварыства беларускай мовы, сярод галоўных мэтаў Кангрэсу за незалежнасць – заявіць голас грамадскасці, што незалежна ад сітуацыі, мы пацвярджаем сваё права на самастойную незалежную Беларусь. Алена Анісім раней не выключала свайго вылучэння ў прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Беларускае Радыё Рацыя