Ігар Барысаў: Ад Лукашэнкі патрабуюць выканання пэўных умоваў



Відавочна, што Аляксандр Лукашэна згубіў магчымасць манеўраваць і выкручвацца, як раней, паміж Захадам і Усходам, – так пракаментаваў апошнюю працяглую сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычна партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Па яго словах, на Захадзе і на Усходзе патрабуюць ад кіраўніка Беларусі выканання пэўных умоваў. На Захадзе гэта дэмакратызацыя, а на Усходзе – лаяльнасць, прызнанне Расеі дамінуючай у адносінах да краіны і паглыбленне інтэграцыі з ёй:

– Натуральна, што яму не падабаецца ні першае, ні другое. І раней ён спрабаваў гуляць у бізантыйскія гульні, абхітрыць усіх, вычакаць. Але сітуацыя такая, што за 26 год усе яго зразумелі як аблупленага. І ўсе разумеюць чаго варта слова Лукашэнкі. Таму я не выключаю, што ён спрабаваў цягам шасці з паловай гадзін забалбатаць Уладзіміра Пуціна, але той таксама “цёрты калач” і разумее кошт і падтрымкі Беларусі, і падтрымкі Лукашэнкі і свае жаданні.

Але Лукашэнка да апошняга часу не жадаў рэалізоўваць гэтых жаданняў у поўнай меры. Тым не менш, той факт, што Расея прызнала яго ў статусе прэзідэнта, паказвае, што і надалей на міжнароднай арэне Расея будзе яго падтрымліваць. І верагодна, у Сочы  абмяркоўвалася пытанне – колькі гэтая падтрымка будзе каштаваць Лукашэнку і Беларусі, — лічыць Ігар Барысаў. 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: БелаПАН