Ігар Барысаў: Авантурныя дзеянні Лукашэнкі прыкрывае Расея
Авантурныя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, накшталт перахопу самалёта, на якім ляцеў апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч, прыкрывае Расея, – лічыць старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Па яго меркаванні, улады Беларусі, прымусіўшы сесці самалёт, каб затрымаць Рамана Пратасевіча, імкнуцца паказаць, што ніхто з апанентаў рэжыму не можа адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, нават за мяжой:
– Калі казаць пра знешні фон – гэта, канешне, моцны ўдар па рэпутацыі краіны, якая фактычна за мяжой расцэньваецца ў сувязі з выпадкам фактычнага скрадання самалёта, як тое, чым займаюцца або самалійскія піраты, альбо тое, што практыкаваў Муамар Кадафі. І гэта яшчэ адзін элемент у аргументацыю таго, што мець справы з рэжымам Лукашэнкі – вельмі непрадказальна і небяспечна.
Ігар Барысаў не выключае, што рэжым будзе працягваць падобную практыку, таму што нарошчвае ўзаемадзеянне з расейскімі ўладамі, асабліва ў ваеннай сферы. І кожны раз улады будуць прыкрывацца гэтымі сваімі саюзнікамі з Усходу. Адначасова становіцца ўсё больш відавочным, што падобныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі адбываюцца не проста з маўклівай згоды Расеі, а пры яе актыўным удзеле, – лічыць Ігар Барысаў.
Беларускае Радыё Рацыя