Ігар Барысаў: Лукашэнка не гатовы да поўнага падпісання дарожных мапаў



Аляксандр Лукашэнка не гатовы да поўнага падпісання так званых дарожных карт па інтэграцыі з Расеяй. Так кажа палітолаг, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада„ Ігар Барысаў.

Больш за тое, палітык лічыць, што гэтыя падпісанні не адбудуцца неўзабаве. Анансуецца чарговая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі 9 верасня. Як вынікае з паведамленняў, чарговы раз абмяркуюць пытанні саюзнага будаўніцтва. А тут цяпер недамоўленасцяў больш чым канкрэтыкі, заўважае Ігар Барысаў:

– Вельмі шмат невырашаных пытанняў, у тым ліку і па транзіце газу і таксама хацелася б, канешне, мець і крэдыты, і мець кампенсацыю і так далей. А ў першую чаргу, канешне, хацелася б мець энергарэсурсы па ўнутрырасейскіх коштах. І пакуль гэта не будзе зроблена, усё гэта абсалютна не выгадна кіраўніку Беларусі. Таму ён можа бясконца пра гэта гаварыць, але такім чынам, будучы ўключаным у працэс, паказваць сваю лаяльнасць да Расеі.

І такім чынам Аляксандр Лукашэнка далей дэманструе сваю лаяльнасць да Расеі, а Расея, якая пазбаўленая таксама большасці саюзнікаў – у гэтым зацікаўленая, кажа палітолаг. Падпісаць 28 саюзных праграм плануецца на Вышэйшым дзяржсавеце. Яго пасяджэнне хочуць правесці ў кастрычніку-лістападзе. Але дагэтуль ніхто не агучыў змест гэтых дакументаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя