Ігар Барысаў: Людскі настрой можа адмоўна сыграць на патэнцыйную яўку



Перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія наблізілася да стадыі зацвярджэння  кандыдатаў на выбары.

Па словах кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, улады могуць пайсці на нерэгістрацыю найбольш папулярных патэнцыйных кандыдатаў, якія назбіралі найбольш подпісаў. У цяперашняй сітуацыі ўлады дзейнічаюць хаатычна і зразумець логіку ў іх дзеяннях цяжка:

– Яны рэгіструюць, на маю думку, тых, хто не сабраў 100 тысяч подпісаў. Дакідваюць подпісаў тым, хто заяўляе адну колькасць, а па факце выходзіць зусім іншая колькасць. Яны садзяць патэнцыйных кандыдатаў, альбо не даюць ім магчымасці зарэгістравацца. За іх рэгіструюцца іншыя людзі, як у выпадку са Святланай Ціханоўскай. Калі, канешне, там не будзе прозвішча Бабарыкі – самага актыўнага і папулярнага прэтэндэнта, то, я думаю, людскі настрой, які зараз вельмі моцна палітызаваўся, можа адмоўна сыграць на патэнцыйную яўку.

Калі людзі не ўбачаць у бюлетэнях тых, за каго паставілі подпісы, а за Віктара Бабарыку,  напрыклад, падпісалася больш чым 400 тысяч чалавек, а ў яго штабе нефармальна гавораць пра лічбу 600 тысячаў, то пры адсутнасці такіх кандыдатаў наўрад ці на выбарчыя ўчасткі прыйдзе вялікая колькасць грамадзянаў, – лічыць Ігар Барысаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: БелаПАН