Ігар Барысаў: Падобныя перамовы сталі псіхалагічнай неабходнасцю
Асаблівых сюрпрызаў перамовы Пуціна і Лукашэнкі не прынеслі, – кажа кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Складаецца ўражанне, што падобныя перамовы сталі псіхалагічнай неабходнасцю, таму што з Лукашэнкам, ды і з Пуціным, апошнія месяцы ніхто з кіраўнікоў уплывовых краінаў не сустракаецца. Абмяркоўваецца ўсё тое ж – паглыбленне інтэграцыі. Аднак гэтым разам перамовы ўзбагаціліся новай тэмай – пасадкай еўрапейскага авіялайнера, захопам блогера і палітычнага актывіста Рамана Пратасевіча і хуткімі санкцыямі ў адказ з боку Захаду, – нагадвае Ігар Барысаў. Таму Лукашэнка, магчыма, патрабаваў дадатковай эканамічнай дапамогі.
– Я думаю, гутарка ішла пра магчымыя крэдыты і нейкае планаванне таго, як рэагаваць на тую пазіцыю Захаду, у якой апынулася Беларусь. Таму што сітуацыя з Беларуссю адбіваецца на сітуацыю з Расеяй, таму што мы разумеем, хто хутчэй за ўсё стаяў за затрыманнем Пратасевіча, хто дапамагаў сачыць за ім, хто абапіраўся на такое палітычнае рашэнне, таму што мы бачым неверагодна моцную рэакцыю міжнароднай супольнасці на тое, што было з самалётам. І натуральна ў гэтай сітуацыі Лукашэнка не хоча заставацца адзін.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Таму тэма абароны ад санкцыяў і эканамічнай падтрымкі Беларусі магла выйсці на гэтых перамовах на першы план, – лічыць Ігар Барысаў. Але ў сённяшняй сітуацыі проста так інтарэсы кіраўніцтва Беларусі Крэмль абараняць не будзе. І падчас перамоваў, верагодна, абгаворваўся кошт гэтай падтрымкі, – саступкі Беларусі ў знешнепалітычнай сферы – прызнанне далучэння Крыма, самастойнасць Абхазіі, Паўночнай Асеціі, прыватызацыя прадпрыемстваў, далейшае ўзмацненне супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, – лічыць Ігар Барысаў.
Беларускае Радыё Рацыя