Ігар Барысаў: Песню пра інтэграцыю будуць спяваць яшчэ вельмі доўга



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаў сваё меркаванне наконт таго, да чаго можа прывесці так званая «паглыбленая інтэграцыя» паміж Беларуссю і Расеяй.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю РБК дапусціў, што ўжо 8 снежня гэтага году прэзідэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка могуць падпісаць дарожныя мапы па інтэграцыі. Праўда, па словах Макея, «ніякіх палітычных момантаў, звязаных са стварэннем федэрацыі, канфедэрацыі там няма і не будзе», бо «суверэнітэт для абедзвюх дзяржаў – гэта святое».

Ігар Барысаў: Дамова аб інтэграцыі была падпісана яшчэ дваццаць гадоў таму, і мы бачым, што ў іх за гэты час нічога не атрымалася. Спадзяюся, калі яшчэ нейкі дакумент падпішуць, то эфект будзе той жа самы. Трэба разумець, што Расея і Беларусь – нераўназначныя дзяржавы з нераўназначнымі эканомікамі. У нас зусім іншая структура дзяржаўнага кіравання і гэтак далей. І тое, што міністр замежных спраў Беларусі адбіваецца ад разнастайнага ваенна-палітычнага супрацоўніцтва – гэта плюс.

РР: У якой форме можа быць інтэграцыя?

Ігар Барысаў: Магчыма, нешта зробяць у пэўных сектарах, але зноў-такі варта не забываць, што ўжо 20 год улады спрабавалі выбудоўваць стасункі з Расеяй і фактычна нічога не атрымалася. Хаця ў нас шмат агульных структур, але беларускія яблычкі не пускаюць у Расею, падатковы манеўр Масква ўвяла. І гэта парушэнне ўсіх ранейшых дамоваў адносна свабоднага гандлю і гэтак далей. Таму казаць пра абсалютную любоў з абодвух бакоў не даводзіцца. Я перакананы, што гэтую інтэграцыйную песню будуць спяваць яшчэ вельмі і вельмі доўга. А на справе будзе выглядаць усё інакш.

Не выключана, што сутнасць перамоваў з Расеяй наўмысна трымаюць у тайне толькі дзеля таго, каб перад прэзідэнцкімі выбарамі прадаць народу такі тавар: маўляў, знятая ўся небяспека адносна анэксіі краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя