Ігар Барысаў: Пытанне рэгістрацыі асобных кандыдатаў – гэта пытанне іх маралі
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаў сваё стаўленне да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.
Ігар Барысаў: Адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў я лічыў, што Святлана Ціханоўская павінна зняцца з выбараў, бо, на маю думку, у яе значна лепшая рэпутацыя, чым у астатніх так званых альтэрнатыўных кандыдатаў.
У мяне, напрыклад, вялікі сумнеў адносна таго, што Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Чэрачань назбіралі 100 тысяч подпісаў. Не веру ў гэта і, мяркую, са мной будзе салідарная вялікая частка людзей. І асабліва тых, хто займаецца палітыкай і ведае, што такое сабраць 100 тысяч подпісаў.
На ранейшых прэзідэнціх выбарах наша партыя сабрала 170 тысяч подпісаў, але ініцыятыўная група была прыкладна 3700-3800 чалавек. Быў абыход па кватэрах, і праца ў рэгіёнах была неверагодна арганізавана.
Таму пытанне рэгістрацыі асобных кандыдатаў – гэта пытанне іх маралі. Няхай самі адкажуць на пытанне: ці маюць права быць тымі, за каго яны самі сябе выдаюць?
РР: Як вы ацэньваеце рашэнне аб сумеснай працы штабоў Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай?
Ігар Барысаў: Я ўсё-такі прытрымліваюся думкі, што лепш Ціханоўскай было б не ўдзельнічаць у кампаніі. Быў бы шанц не прызнаць гэтыя выбары і прызначыць новыя.
РР: Вы мяркуце, што і кандыдаты-спойлеры таксама здымуцца з выбараў?
Ігар Барысаў: Калі яны захочуць даказаць, што не спойлеры, то здымуцца. Гэта быў бы ідэальны варыянт – пакінуць Лукашэнку аднаго ў бюлетэнях.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя