Ігар Барысаў: Такія захады – гэта стрэл сабе ў нагу



Госць нашага радыё – старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада, палітолаг Ігар Барысаў.

Абмяркоўваем выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Еўропа больш пацерпіць, калі будзе працягваць палітыку санкцый супраць Беларусі і беларускіх уладаў.

РР: Як увогуле зразумець такое выказванне Алякандра Лукашэнкі, які раней казаў, што ў прынцыпе яго не цікавяць гэтыя санкцыі і што эканоміка Беларусі сама можа справіцца з сітуацыяй?

Ігар Барысаў: Я мяркую, што калі ён пачаў гаварыць пра санкцыі, то, напэўна, некаторыя санкцыі балюча ўдарылі па яму. Альбо ўдараць бліжэйшым часам. Мы ведаем, што Злучаныя Штаты анансавалі ўвядзенне санкцый супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. У першую чаргу гэта канцэрн “Белнафтахім”. Канешне, гэта вельмі балюча, калі мільёны даляраў не паступяць у бюджэт. Але тут, канешне, вельмі цікава і дзіўна гучыць, што будуць уведзены санкцыі супраць еўрапейцаў. Пытанне, якія санкцыі? Калі, напрыклад, санкцыі, якія былі ўведзены супраць “Шкоды”, або “Нівеі”, то тут, напэўна, у першую чаргу ён стрэліў сабе ў нагу гэтымі санкцыямі. Таму што прадукцыя той жа самай „Шкоды” вырабляецца пераважна ў Расеі. І гэта расейскія аўтамабілі на беларускім рынку. Маецца на ўвазе, расейскай зборкі. І канешне, тут у першую чаргу больш пацерпяць расейцы, таму што не будзе пастаўкі гэтых аўтамабіляў на беларускі рынак…Тут складана сказаць, што тут можна ўвесці яшчэ. Выслаць пэўную колькасць дыпламатаў. Камусьці забараніць уезд у Беларусь. Або ўзяць у закладнікі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

РР: Між іншым ён кажа пра тыя еўрапейскія праекты і прадпрыемствы, якія створаны на тэрыторыі Беларусі. Загадаў Галоўчанку пераправерыць іх, і так разумею, стварыць невыносныя ўмовы для іх, ці яшчэ што.

Ігар Барысаў: Гэта дадатковая магчымасць стрэльнуць сабе ў нагу. Таму што ўсе інвестпраекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі Захадам, – гэта дадатковыя працоўныя месцы, гэта інвестыцыі ў эканоміку, гэта больш-менш спрыяльныя ўмовы для працуючых. І калі яшчэ вось гэта закруціць, то я не ведаю, чым ён будзе заахвочваць тых людзей, якія не даатрымаюць заробкі, або якія будуць пазбаўлены працы. Таму што нават калі проста ўлазіць у гэтыя праекты, то яно не пройдзе бясследна для тых работнікаў, якія працуюць на гэтых прадпрыемствах.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя