Ігар Барысаў: У нас нікога не здымалі, але некаторыя атрымлівалі папярэджанні
Кандыдатаў усё меней. І не вядома, ці ўсе яны дойдуць да 17 лістапада. Паводле апошніх звестак Цэнтравыбаркаму, з 562 афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 7-га склікання – засталося 516. Выбарчыя камісіі знялі з дыстанцыі 13 кандыдатаў (усе яны апазіцыянеры). 33 адмовіліся ад далейшага ўдзелу з уласнай ініцыятывы, пераважна – праўладныя вылучэнцы.
„У сацыял-дэмакратаў да выбараў дайшлі ўсе, каго зарэгістравалі,” – кажа старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, які балатуецца ў дэпутаты парламента па Коласаўскай выбарчай акрузе №106.
– У нас не зарэгістравалі 11 чалавек. Засталося 30. У прынцыпе пакуль нікога не здымалі, але некаторыя атрымлівалі папярэджанні. Улады, магчыма, раздражняе той момант, што кандыдаты са сваімі камандамі актыўна выходзяць на вуліцу, кантактуюць з грамадзянамі. І гэта, у нейкай ступені, ім не падабаецца, бо тут парушаецца іхняя манаполія прадстаўлення інтарэсаў грамадзянаў ва ўсіх сферах.
Датэрміновае галасаванне ў Беларусі праходзіць ад 12 лістапада і пры рэкордна высокай яўцы. Штодня па 5% выбарцаў нібы прыходзяць на ўчасткі. За два дні яўка склала 11,5 %. Гэтыя лічбы крытыкуюць апазіцыйныя палітыкі і незалежныя назіральнікі, якія фіксуюць неадпаведнасць колькасці людзей, якія прыходзяць на участкі, з тымі лічбамі, што ў сваіх пратаколах фіксуюць выбарчыя камісіі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя