Ігар Барысаў: Які “Дзень народнага адзінства”, такая і амністыя



Памілаванне Лукашэнкам 13 палітзняволеных, прымеркаванае да “Дня народнага адзінства” – гэта такая своеасаблівая прапанова Захаду пачаць дыялог ці гэта насмешка?

Па меркаванні старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), палітолага Ігара Барысава, магчыма, і тое і другое разам:

– З аднаго боку, улады дэманструюць, што які “Дзень народнага адзінства”, такая і амністыя. А з іншага боку, гэта можна расцаніць як маленькі няўпэўнены крок на дэманстрацыю таго, што ўлада гатовая вызваляць палітзняволеных у абмен на, мяркую, зняццё санкцый.

Думаю, што Захад ужо зразумеў вось тую рэч, на якой настойваў шмат хто з палітыкаў і аналітыкаў: працаваць з Лукашэнкам трэба па сцэнары – ён робіць крок, пасля гэтага робіць крок процілеглы бок. Таму што ўсё астатняе ў адваротным выпадку не будзе мець ніякіх вынікаў. І я мяркую, што гэтыя 13 палітвязняў – свайго кшталту кволая дэманстрацыя таго, што ён гатовы пачаць абмяркоўваць нармалізацыю стасункаў.

РР: Але ўсё ж гэта прынцыповае пытанне. Таму што нонсенс, калі Захад будзе падтрымліваць і будаваць фактычна дыктатуру. Таму пытанне зняцця санкцый, больш, здаецца, грунтоўнае, чым проста вызваленне нейкай колькасці палітвязняў.

Ігар Барысаў: Тут варта разумець, што рана ці позна Захад павінен прыйсці да высновы, што не толькі тэрарызм, але і аўтарытарызм – гэта міжнародная праблема. І разумеючы гэта, трэба адпаведным чынам выбудоўваць стасункі з адпаведнай катэгорыяй дзяржаў.

Намеснік старшыні незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

– Вызваленне 13 палітвязняў – гэта не тое, чаго чакала грамадства. Калі робяць амністыю, то працуюць розныя структуры: і следчыя, і пракуратура, і суды, і адмысловая камісія, якая рыхтуе матэрыялы па амністыі. А тут Васкрасенскі замяніў сабой усе гэтыя арганізацыі, калі верыць інфармацыі. Еўропа і праваабарончая супольнасць патрабуюць вызваліць усіх палітвязняў без усялякіх варыянтаў.

РР: Таму, мабыць, уладам прыйдзецца рыхтавацца да пятага пакету санкцый?

Генадзь Фядыніч: Я думаю, што санкцыі цяжка ўвесці, але яшчэ цяжэй выйсці з гэтых санкцый. Таму лічу, што даўно мусіць быць дыялог не праз “васкрасенскіх”, а дыялог з грамадствам. Таму што рана ці позна гэта зойдзе вельмі далёка.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя