Ігар Барысаў: Яны яшчэ доўга будуць хадзіць па крузе
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў прагназуе, чым могуць закончыцца перамовы 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным.
Нагадаем, што 8 снежня ў Сочы кіраўнікі краін не прыйшлі да падпісання нейкіх пагадненняў па інтэграцыі, перамовы працягнуцца 20 снежня.
Ігар Барысаў: У мяне вялікія сумненні, што з Расеяй можна дамовіцца на раўнапраўных і выгодных для Беларусі ўмовах. Таму 8 снежня нічога не падпісалі, мяркую, тое самае будзе і 20 снежня.
На мой погляд, чарговы перамоўны этап закончыцца нічым, і яны яшчэ доўга будуць хадзіць па гэтым крузе. Будзе такі бясконцы працэс без выніку, але з дэкларацыямі, што, маўляў, інтэграцыя працягваецца. Яны за 20 гадоў не здолелі нічога прыстойнага пабудаваць, а зараз за некалькі дзён пытанне вырашаць?
РР: Вы думаеце, што Расея не збіраецца выконваць умовы Беларусі па інтэграцыі (цана на энерганосьбіты па кошце Смаленскай вобласці, зняцце ўсіх бар’ераў для беларускай прадукцыі ў Расеі)?
Ігар Барысаў: Пазіцыя Крамля – дамінаваць над Беларуссю, а не працаваць у роўных умовах. Таму ёй выгодна навязаць сваю гульню, пакрокава пазбаўляючы нашу краіну суверэнітэту, каб у выніку ад яго засталіся рожкі ды ножкі.
Але, паўтаруся, калі ў бліжэйшы час нават прыйдуць да падпісання нейкіх пагадненняў, то яны будуць неістотныя і міжгаліновыя. Пра больш сур’ёзныя рэчы (адзінае падаткавае заканадаўства, адзіная валюта) казаць пакуль не даводзіцца. І, думаю, наогул гэтыя пытанні невырашальныя ў нашых умовах. Лукашэнка зацікаўлены ў захаванні незалежнай краіны, каб мець у ёй уплыў.
РР: У такім выпадку, магчыма, частка грамадства перабольшвае небяспекі, якія ёсць для незалежнасці краіны?
Ігар Барысаў: Не перабольшвае, бо, калі ёсць нават маленькі адсотак магчымасці страты незалежнасці, то беларускаму грамадству ў любым выпадку трэба мабілізавацца і рэагаваць усімі магчымымі шляхамі, каб ніякай паглыбленай інтэграцыі не было.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя