Ігар Барысаў: Забаронена фактычна ўсё



Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), партыя левых „Справядлівы свет” і Беларуская партыя „Зялёныя” не здолелі знайсці ў Менску памяшкання, каб правесці канферэнцыю да 30-годдзя надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закону. На яе планавалася запрасіць і тых дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 склікання, якія  прымалі гэты дакумент, палітыкаў і актывістаў маладзейшага пакалення.

Але, па словах старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Змітра Кучука, улады заблакавалі магчымасць адзначыць гэту важную дату:

– У Менску ёсць адна незалежніцкая пляцоўка – Беларуска-нямецкі міжнародны цэнтр ІВВ, які заўсёды ішоў насустрач дэмакратычным арганізацыям. Гэтым разам рашэнне было адмоўным. Мы таксама звярталіся ў Дыпсэрвіс, і ў гатэлі “Беларусь” і “Пекін”.

Але паўсюль адмовы. Прычым, як адзначыў Зміцер Кучук, памяшканні там былі свабодныя. Таму адмовы носяць палітычны характар, – не выключае ён.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Па яго словах, у такіх умовах праводзіць канферэнцыю немагчыма, і таму прынята рашэнне адмовіцца ад яе правядзення:

– Таму што адказы стандартныя. І больш чым упэўнены, што яны з палітычным падтэкстам. На жаль, канферэнцыя, прымеркаваная да 30-годдзя з моманту надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону ў гэтым годзе не адбудзецца. У тым ліку па пытаннях бяспекі. Будзем думаць, што з усім гэтым рабіць. Таму што мы апынуліся ў сітуацыі, калі забаронена фактычна ўсё.

Фактычна зараз заблакавана дзейнасць нават афіцыйна зарэгістраваных палітычных арганізацый. Немагчыма правесці мерапрыемства на вуліцы, і як высвятляецца, нават у памяшканнях ужо не даюць. Хаця яшчэ некалькі месяцаў таму такая магчымасць была, – кажа Ігар Барысаў.

Беларускае Радыё Рацыя