Ігар Барысаў: Заслугі Віктара Бабарыкі высока ацанілі



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаўся пра тое, чаму Віктара Бабарыку могуць пакараць максімальным тэрмінам зняволення.

Пракурор запрасіў для экс-банкіра Віктара Бабарыкі 15 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкула 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (частка 2 артыкулы 235 КК). Віктар Бабарыка сваю віну не прызнаў.

Экс-кіраўнік “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка , які ў маі 2020 года абвясціў пра намер балатавацца ў прэзідэнты, быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года.

Ігар Барысаў: Тое, што пракурор запросіць для Бабарыкі 15 год зняволення, варта было чакаць. Як вядома, гэта максімальны тэрмін, які маглі запрасіць па выстаўленых яму абвінавачаннях.

Мы ведаем практыку, што калі ты віну не прызнаеш і са следствам не супрацоўнічаеш, то не можаш прэтэндаваць на мінімум. Але тут, напэўна, больш улічвалі заслугі Віктара Бабарыкі падчас прэзідэнцкай кампаніі, як альтарнатыўнага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта. Як бачым, у судзе сапраўды народную любоў да Віктара Дзмітрыевіча высока ацанілі. Таму ўсё цалкам прадказальна.

РР: Некаторыя кажуць, што вялікі тэрмін для Бабарыкі – гэта таксама будзе адным з элементаў гандлю ў будучых перамовах з Захадам?

Ігар Барысаў: Такое не выключана. Акрамя таго, гэта азначае, што ў бліжэйшы час Бабарыка не зможа ўдзельнічаць у палітычных працэсах, хаця нават з-за кратаў ён заяўляў пра стварэнне палітычнай партыі.

Відавочна, што Віктар Бабарыка збіраўся вярнуцца ў палітыку, а запыт пракурора – гэта такое пасланне, каб яшчэ больш дэматываваць чалавека, які і так знаходзіцца за кратамі.

Ды і ўвогуле гэта пасланне ўсім альтэрнатыўным кандыдатам, якія ў будучым збіраюцца кінуць пальчатку ўладзе. Вось, маўляў, што вам свеціць, калі пойдзеце на такое.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Oksana Manchuk / AP