Ігар Фісенка вызвалены ад пасады пасла Беларусі ў Францыі
Ігар Фісенка вызвалены ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Францыі і па сумяшчальніцтве ў Манака і Партугаліі. Адпаведны ўказ № 438 падпісаў 12 лістапада Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
-
© Laurent Blevennec / Présidence de la République
Пры гэтым указам устаноўлена, што Фісенка захоўвае свае паўнамоцтвы ў якасці пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА.
На пасаду пасла ў Францыі і прадстаўніка пры ЮНЕСКА Фісенка быў прызначаны 15 студзеня 2019 года.
17 кастрычніка гэтага года пасол Францыі Нікаля дэ Буян дэ Лакост пакінуў Беларусь па просьбе беларускіх уладаў.
У каментары МЗС Францыі, які паступіў у БелаПАН у адказ на адпаведны запыт, гаварылася, што дыпламат пакінуў краіну пасля таго, як Мінск адклікаў агрэман, выдадзены дэ Лакосту 31 жніўня мінулага года, з-за нежадання пасла ўручыць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.
„У адпаведнасці з агульнай еўрапейскай пазіцыяй не прызнаваць легітымнасць выніку прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года пасол Францыі сапраўды не ўручыў даверчыя граматы спадару Лукашэнку. Другі асобнік даверчых грамат быў уручаны беларускаму міністру замежных спраў [Уладзіміру Макею 8 снежня 2020 года] згодна з дыпламатычнымі правіламі”, — падкрэсліваецца ў каментары.
МЗС адзначала, што гэтае „неапраўданае рашэнне беларускіх уладаў” пацягнула за сабой „некалькі негатыўных рашэнняў”, якія скарацілі магчымасці прадстаўніцтва ў Мінску. У адказ „прапарцыйныя захады” былі зробленыя ў дачыненні да беларускага дыппрадстаўніцтва ў Францыі, „пра што беларускія ўлады былі праінфармаваныя”.
Паведамлялася, што дэ Лакост стане спецпрадстаўніком па Беларусі, пасольства ў Мінску працягне працу.
„Францыя, як яна гэта робіць з жніўня 2020 года, у цеснай сувязі і ў адпаведнасці з пазіцыямі, з пэўнымі партнёрамі па Еўрасаюзе, працягне быць з беларускім народам, падтрымліваючы ўстойлівае палітычнае вырашэнне крызісу, з якім сутыкнулася Беларусь”, — адзначалася ў каментары французскага знешнепалітычнага ведамства.
У сваю чаргу прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз заявіў: „Спадар дэ Лакост у лістападзе 2020 года ўехаў у Беларусь у якасці прызначанага пасла Францыі і ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі ў снежні 2020 года. Аднак пасля кіраўнік французскай дыпмісіі не выказаў гатоўнасці завяршыць прадугледжаную міжнародным правам і агульнапрызнанай практыкай працэдуру заступлення на пасаду ў якасці надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Рэспубліцы Беларусь. У сувязі з гэтым мы былі вымушаныя паведаміць французскім партнёрам аб заканчэнні выдадзенага раней беларускімі ўладамі тэрміну згоды на яго прызначэнне”.
Паводле яго слоў, пасол Беларусі ў Францыі Ігар Фісенка з-за гэтай сітуацыі быў адкліканы ў Менск для кансультацый.
Фота: ©Laurent Blevennec- Nathan Casamayou / Présidence de la République
![](/wp-content/uploads/2022/04/racyja_app_1200x300.jpg)